Пяты фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў» прайшоў у Баранавічах |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
01.02.2016 17:41 |
У пяты раз «Дастукацца да нябёсаў» спрабавала моладзь на штогадовым фестывалі хрысціянскай музыкі, які прайшоў 30 студзеня ў Баранавічах. На сцэне ДК тэкстыльшчыкаў выступілі каталіцкія і пратэстанцкія гурты з розных гарадоў Беларусі. Фестываль «Дастукацца да нябёсаў» стаў сапраўднай падзеяй месяца, якая сабрала музыкаў і гледачоў розных узростаў. Першыя два разы адмысловы фэст праходзіў у Астраўцы і Гудагаі, а баранавіцкая сцэна сёлета прымала музычныя гурты з розных гарадоў краіны ўжо трэці раз. «Касцёл у гэтым годзе асаблівую ўвагу звяртае на міласэрнасць, якая з’яўляецца дабрадзейнасцю і цнотай. Жадаю, каб гэты вечар, які вы прысвяцілі таму, каб пабыць разам, паслухаць хрысціянскую музыку, падзяліцца інфармацыяй або каб проста папрысутнічаць ці з усмешкай падтрымкі паглядзець на іншага, таксама стаў часам Божай міласэрнасці для вас», — прывітаў удзельнікаў фэсту біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўвесь вечар прысутнічаў на канцэрце.
Пачалі фестываль гурт «Ave» з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і адроджаны пасля доўгага перапынку гурт Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску «Подых Духа». Вядомымі касцёльнымі спевамі ў новай музычнай апрацоўцы семінарысты адкрылі фестываль і разагрэлі маладую публіку. Выдатнае спалучэнне акустычнай гітары і электрагітары, мяккасць клавішных і класічны рытм ударных надавалі выступам дынамізм, жывасць і адначасова лёгкасць гучання. Больш цяжкім і рокавым быў выступ салезіянскага гурта з Мінска «Небасхіл». Партыі электра- і бас-гітары, а таксама выдатнае драм-сола стваралі атмасферу драйву і весялосці, якую дапаўняў жаночы вакал і клавішныя. Парадаваў сваім выступам таксама пратэстанцкі гурт з Кобрына «Paracletos». Філасафізм тэкстаў гарманічна спалучаўся з музыкай гурта. Спецыяльным госцем фестывалю быў саліст гурта «The Fraize» Павел Ферэнец, які разам са сваёй сяброўкай выканаў некалькі песень свайго гурта ў акустычнай версіі. «Выступаю на гэтым фестывалі апошнія два гады і не перастаю здзіўляцца гэтай дружнай і радаснай атмасферы ў зале і за кулісамі. Маё сэрца радуецца, калі я бачу поўную залу людзей, якія праслаўляюць Бога. Няхай у наступным годзе людзей будзе ў два разы больш», — падзяліўся ўражаннямі Павел. Цікавым і вясёлым завяршэннем фестывалю стаў выступ маладога баранавіцкага гурта «The Crossway», амаль усе ўдзельнікі якога яшчэ вучацца ў школе. Гурт выканаў вядомыя хрысціянскія спевы на беларускай і англійскай мовах, уласныя кампазіцыі і рэп. «У нашых дзяцей змяніліся погляды на жыццё. Яны сталі іншымі — больш дарослымі, спагадлівымі. Я вельмі рада, што маё дзіця набыло тут усё, што тут ёсць», — падзялілася Ала Несцяровіч, маці вакалісткі Кацярыны. Самым вялікім сюрпрызам для гледачоў быў выступ гурта «The Crossway kids», у які ўваходзяць дзеці ад 5 да 10 гадоў. Гэта, як прызнаўся арганізатар гурта кс. Павел Рудзьман, маладое пакаленне, якое будзе добрай заменай у будучыні. Пакуль што дзеці толькі спяваюць — дапамагаюць старэйшаму складу, але «праз год і граць пачнуць», паабяцаў ксёндз Павел падчас канцэрту. Выступленнем самага вялікага і маладога гурта скончыўся пяты фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў», напрыканцы якога біскуп Антоні Дзям’янка праспяваў з усімі ўдзельнікамі фэсту калядку і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне. Марына Валасар, фота аўтара |
Фотарэпартаж |