Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Пінскі наведаў з пастырскім візітам парафіі Гомельшчыны
Беларусь - Пінская дыяцэзія
29.02.2016 17:51

28 лютага, у III нядзелю Вялікага посту, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка наведаў з пастырскім візітам парафіі ў Светлагорску і Жлобіне.

У парафіі ў Светлагорску біскуп цэлебраваў святую Імшу і сустрэўся з вернікамі. У гаміліі іерарх адзначыў, што Год Міласэрнасці мае асаблівае значэнне для Пінскай дыяцэзіі ў сувязі з круглымі датамі, юбілеямі і ўспамінамі знакамітых духоўных асобаў. Сярод іх асаблівае месца належыць кардыналу Казіміру Свёнтку, 5-ю гадавіну смерці якога ў гэтым годзе перажывае дыяцэзія. Таксама сёлета прыпадае 15-я гадавіна адраджэння вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

На сустрэчы з біскупам вернікі Светлагорска і Акцябрска распавялі пра тое, як у мінулыя часы пераадольвалі амаль 350 км, каб у Пінску, дзе быў найбліжэйшы душпастыр, сустрэцца са святаром і прыступіць да сакрамэнтаў.

Наступным пунктам пастырскага візіту біскупа была парафія ў Жлобіне, дзе пінскі ардынарый пазнаёміўся з працэсам будаўніцтва касцёла ў новым мікрараёне горада.

Пасля іерарх сустрэўся з працаўнікамі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” у г. Гомель. Падчас сустрэчы біскуп падзякаваў за працу Валянціне Казловай, якая 19 гадоў была дырэктарам гэтай арганізацыі ў Гомелі і цяпер завяршыла сваё служэнне.

Біскуп Антоні Дзям’янка разам з сабранымі прывітаў новага дырэктара “Caritas” у Гомелі. На гэтую пасаду быў прызначаны кс. Андрэй Шут.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.