Не першы год у Брэсце праходзіць аўтапрабег у абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў. Гэтым разам у акцыі, якая прайшла 8 сакавіка, прынялі ўдзел два дзясяткі аўтамабіляў.
Збор аўтакалоны праходзіў на паркоўцы каля сцен Брэсцкай крэпасці. Замацаваўшы сцягі і плакаты, удзельнікі выправіліся па маршруце: пр. Машэрава, вул. Маскоўская, вул. Стафеева; у зваротны бок: пр. Рэспублікі, вул. Суворава, вул. Сяброўская, вул. Чырвоназнаменская, бульвар Шаўчэнкі, пр. Машэрава.
Аўтамабілі ўдзельнікаў былі аздоблены плакатамі: «За жыццё без абортаў», «Захавай дзіця!», «Падары жыццё!»
Колькасць удзельнікаў расце з кожным годам. «Мы асабліва рады маладым парам, а таксама шматдзетным сем’ям. Такім чынам мы выражаем сваю грамадзянскую пазіцыю ў стаўленні да дзяцей, якія чакаюць свайго з’яўлення на свет», — абазначыў мэту мерапрыемства яго арганізатар, кіраўнік грамадскага аб’яднання «У абарону жыцця і сямейных каштоўнасцяў» Альберт Казаран.