Вернікі Баранавіч прайшлі Крыжовы шлях вуліцамі горада |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
15.03.2016 11:21 |
13 сакавіка па вуліцах Баранавіч быў праведзены Крыжовы шлях, у якім удзельнічалі вернікі з усіх парафій горада. Традыцыйна Крыжовы шлях падрыхтавала парафія Узвышэння Святога Крыжа. На вуліцы Баранавіч католікі выйшлі ўжо трэці год запар. Набажэнства пачалося каля касцёла Узвышэння Святога Крыжа. У гэты дзень вернікі маглі адчуць на сабе цяжар крыжа, таму што ад прыпынку да прыпынку была магчымасць дапамагчы несці драўляны крыж — сімвал мукі Пана.
У набажэнстве ўдзельнічалі таксама святары і законныя сёстры з усіх парафій горада. Упершыню традыцыя маліцца на месцах, звязаных з мукай Пана, узнікла ў Ерузалеме. У Касцёл звычай духоўных перажыванняў Ягоных пакутаў прыйшоў у Сярэднявеччы, дзякуючы намаганням францішканаў. Ва ўсім Касцёле пачалі ўзводзіць так званыя «прыпынкі» Панскай мукі, праходзячы якія, вернікі аднаўляюць у памяці пакуты Хрыста і разважаюць над імі. Алена Лапкоўская, фота бр. Корнэля Консэка SVD |