У Вялікую пятніцу, 25 сакавіка, літургія Мукі Пана адбылася ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Вялікая пятніца — адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, а здзяйсняецца літургія Мукі Пана.
Цэнтральнай часткай гэтай літургіі з’яўляецца адарацыя святога Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету. На пачатку літургіі святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях. Падчас літургіі гучыць чытанне Мукі Пана і адбываецца адкрыццё крыжа, які быў на працягу Вялікага посту закрыты заслонай. Вернікі ўшаноўваюць крыж, падыходзячы да яго.
Літургію Мукі Пана ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у ёй прынялі ўдзел вернікі горада.
У гаміліі пінскі ардынарый падкрэсліў, што «крыж для веруючых людзей — сімвал Любові». «Якой жа вялікай павінна была быць моц укрыжаванай Любові, каб цалкам перамяніць сэнс крыжа! Да Хрыста гэта была прылада пакарання і смерці. Ад моманту смерці Хрыста крыж стаў знакам жыцця і Адкуплення. І хаця крыж выражае сабою боль і пакуты, яны, аднак, напаўняюцца сэнсам», — патлумачыў біскуп.
Па словах іерарха, «таямніца крыжа дапамагала і дапамагае перажыць найцяжэйшыя выпрабаванні». Біскуп нагадаў, што ў ХІХ стагоддзі жыў езуіт Караль Балоз Антаневіч, які спачатку быў шчаслівым мужам і бацькам, але ў выніку эпідэміі халеры рухнуў яго прыгожы свет, памерла жонка і паступова ўсе дзеці. «Разважаючы па-чалавечы, падняцца пасля такіх пакутаў было б немагчыма. Што ж такога адбылося, што гэты чалавек уступіў у ордэн езуітаў, стаў знакамітым прапаведнікам і душпастырам, напісаў шмат вядомых і сёння песень? Адна з такіх яго песень дае адказ на пытанне», — сказаў біскуп Антоні Дзям’янка і прывёў тэкст гэтай песні:
Езу, Ты бачыш, крыж Твой не мінаю, Езу, Ты бачыш, крыжа не баюся. 3 болем на крыж Твой цяжкі пазіраю, Да трона Бога на зямлі імкнуся.
На крыж кладу я ўсе мае жаданні, Тут прыбіваю грэшных думак мроі, Сэнс свой шукаю я ва ўкрыжаванні, Дзе з-пад кароны кроў цячэ на скроні.
Стаўшы пад крыжам, стомлены сабою, Прагну я ў сэрцы несці крыж заўсёды, Каб не глуміўся вораг нада мною, Каб крочыць шляхам праўды і свабоды.
Сёння з надзеяй пад крыжом шукаю Тое, што страціў, Пана не спаткаўшы, Грэх мой з пакорай прад Табой трымаю, Не адыходжу, міласці спазнаўшы.
Дай мне заўсёды быць з Табою, Збаўца, Каб крыж мой стаўся мужнасцю і сілай. Каб у жыцці болып з крыжам не расстаўся, Каб ён узнёсся над маёй магілай. «Нам варта праз крыж пазнаваць веліч міласэрнасці. Нам трэба акунуцца ў гэту таямніцу, бо яна змяняе свет і чалавека. Яна вучыць нас ахвярнай любові, любові ўкрыжаванай. Толькі такая любоў мае сэнс. Толькі такая любоў здольная пераканаць чалавека», — адзначыў біскуп Пінскі.
На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў аздобленую сімвалічную грабніцу, у якой вернікі змогуць адараваць яго да пачатку Пасхальнай вігіліі. (AG)
|