Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Акуніся ў бляск Таго, хто перамог цемру»: літургія Пасхальнай вігіліі адбылася ў катэдры Пінска
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.03.2016 00:05

«Брат і сястра, акуніся ў таямніцу гэтай ночы ці, лепш сказаць, у бляск святла Таго, хто перамог цемру. Зразумей, як моцна Касцёл патрабуе твайго свядомага стаўлення да факту, што ты ахрышчаны. Нават не толькі Касцёл, а ўвесь свет. Усе патрабуюць дабра», – з гэтымі словамі звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка ў Пасхальную вігілію ў катэдральным касцёле Пінска.

На літургіі Пасхальнай вігіліі, 26 сакавіка, якая лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго літургічнага года і калі Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Пана, сабралася вялікая колькасць пінскіх вернікаў.

Біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў у гаміліі, што Вялікая субота – гэта час, калі вернікі ў цішыні прыходзяць да Гробу Пана, і гэты час можна параўнаць да адведвання могілак і месцаў пахавання блізкіх людзей.

Аднак, дадаў іерарх, «зусім іншая перспектыва адкрываецца перад намі, калі мы спрабуем зразумець атмасферу Вялікай суботы ў больш шырокім кантэксце».

«Мы спяшаемся да Гробу Пана, ведаючы, што заўтра ён будзе пустым. Ведаючы, што заўтра на світанні жанчыны каля гробу пачуюць поўную радасці праўду: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24, 5-6)», – нагадаў пінскі ардынарый.

«Паміж грабавой цішай, хаця і поўнай надзеі, і радасцю світання ляжыць таямніца ночы. Вялікай Ночы, – сказаў біскуп. – Цемра ночы гаворыць аб наяўнасці смерці і магілы. Адначасова яна сведчыць аб існаванні граху і зла. Евангеліст, калі апісвае момант здрады Юды і яго выхад з вячэрніка, падкрэслівае, што была ноч. У рэальнасць зла, граху і смерці мы ўнеслі асвечаны пасхал, як сімвал Таго, хто перамог зло, грэх і смерць».

Гэтая літургія, па словах іерарха, прыгадвае вернікам таксама пра іх хрост, паказвае, чым з’яўляецца хрост і да чаго заклікае. «Як жа моцна сучасны свет патрабуе імпульсу, зададзенага Пасхальным святлом! Патрабуе імпульсу дабра! Як жа моцна мы патрабуем пераканаўчай праўды, што выплывае з таямніцы гэтай ночы!» – падкрэсліў біскуп Антоні Дзям’янка.

«Тое, што на першы погляд здаецца банальным і слабым, па-сапраўднаму з’яўляецца моцным і дзейсным», – азначыў біскуп Пінскі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.