У гомельскім каталіцкім Доме міласэрнасці прайшло свята для патрабуючых |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
07.04.2016 14:37 |
6 красавіка ў каталіцкім Доме міласэрнасці ў Гомелі прайшоў святочны абед для бяздомных, бедных і тых, што жывуць у нястачы. Традыцыйна такія абеды ладзяць на Божае Нараджэнне і Вялікдзень. У гэты раз гасцямі Дома міласэрнасці сталі больш за 100 чалавек. Сёстры пускалі на абед толькі цвярозых.
Спачатку адміністратар парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Андрэй Шут прачытаў гасцям урывак з Евангелля і звярнуўся з кароткім казаннем. Святар спыніўся на ўрыўку Евангелля паводле Яна: «...Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы».
«Дасведчаныя рыбакі ведалі, што нерэальна што-небудзь злавіць, але паверылі Хрысту і па Ягоным слове закінулі сеткі», - адзначыў святар, заклікаўшы кожнага давяраць Езусу ў сваім жыцці. Моладзь прадставіла гасцям Дома міласэрнасці велікодны спектакль і танец, а потым разам з сёстрамі дапамагала накрываць сталы. Кожны атрымаў порцыю з гарачай стравай - курыцай і бульбяным пюрэ, а таксама салату і гарбату. На выхадзе наведвальнікам раздалі велікодныя падарункі: садавіну і цукеркі. Некаторыя з тых, хто яшчэ некалькі гадоў таму ў якасці бяздомнага прыходзіў на падобныя абеды, вярнуліся да нармальнага жыцця з дапамогай сясцёр Маці Тэрэзы, займелі жыллё, працу, сем'і.
У Гомелі служаць адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэна Маці Тэрэзы. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 гадоў і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць іх, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу.
Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Вернікі парафіі дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак. (MV) |