На старадаўніх могілках у Гомелі прайшоў міжрэлігійны суботнік |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
10.04.2016 17:57 |
9-10 красавіка ў Гомелі прайшла чарговая акцыя па добраўпарадкаванні Прудкоўскіх могілак. Своеасаблівы міжрэлігійны суботнік арганізавалі мясцовыя юдэйскія супольнасці, прадпрыемства «Гомельскі спецкамбінат» і хрысціянскія вернікі – праваслаўныя і католікі, у прыватнасці хлопцы і дзяўчаты з парафіяльнай групы скаўтаў.
Хрысціяне працавалі ў суботу, а юдэі ў нядзелю. Гэта была ўжо чацвёртая падобная акцыя па добраўпарадкаванні старадаўніх могілак.
Працуючы разам, прадстаўнікі розных канфесій імкнуцца аддаць даніну павагі продкам, паслужыць на карысць горада і зрабіць крок да адзінства. 
«Аб маральным і духоўным развіцці грамадства можна меркаваць па яго адносінах да могілак. Таму заклікаем пакінуць абыякавасць і стомленасць сэрцаў, далучаючыся да акцыі», - кажуць арганізатары.
На Прудкоўскіх могілках пахаваны як юдэі, так і хрысціяне, таксама ёсць салдацкія магілы пад чырвонай зоркай. Дзясяткі помнікаў на могілках, дзе пахаванні адбываліся ў 1920-1970-х гадах, былі разбураны вандаламі і часам, могілкі былі практычна цалкам зарослым, але пасля чатырохгадовай грамадскай акцыі іх удалося прывесці ў парадак.

Паводле katolik-gomel.by
(AG) Фота katolik-gomel.by
|