Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пілігрымка Пінск-Лагішын: «Забярыце ў свае сэрцы Божую Маці»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.05.2016 23:37

Штогод маладыя католікі з Пінскай дыяцэзіі адкрываюць сезон пілігрымак майскай пілігрымкай да Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне. Сёлета аднадзённы «духоўны марафон» прайшоў 9 мая і сабраў агулам каля 140 вернікаў з розных куткоў Беларусі.


Касцяк пілігрымкі – гэта, як заўжды, моладзь. Напярэдадні, 8 мая, хлопцы і дзяўчаты, а таксама духоўныя асобы праслаўлялі Бога ў сценах пінскай катэдры і ў семінарыйным двары падчас Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, а ўжо на наступны дзень адправіліся пешшу з Пінска ў Лагішын, каб памаліцца да Маці Божай і праз Яе выдатныя «амбасадарскія» здольнасці выпрасіць у Бога неабходныя ласкі.

Выпрошваць было б значна цяжэй, каб не дапамога і выдатныя арганізатарскія здольнасці святароў, семінарыстаў і законных сясцёр Пінскай дыяцэзіі. Ім, як кажуць, «рэспект» і ўсё астатняе!

Ніводная пілігрымка, як вядома, не абыходзіцца без парваных гітарных струнаў, балючых мазоляў на руках і сарваных галасоў. Лагішынская — таксама не выключэнне. Выдатны музычны подзвіг здзейсніла сястра Вераніка, якая «запальвала» пілігрымаў на спевы і разварушвала, калі ўжо сонца зусім прыпякала, і жаданне спяваць кудысьці паціху знікала. Пілігрымы не маглі выстаяць перад такой харызмай, таму спяваць усё ж прыйшлося.

Калі ідзеш у пілігрымцы, нельга абыйсціся таксама без вельмі важнай рэчы — без мазоляў. Іх, як кажуць, «быццам вецер прыносіць». І хоць пілігрымка аднадзённая, але і тут знайшліся шчаслівыя ўладальнікі гэтых «найпрыгажэйшых упрыгажэнняў» ніжніх канечнасцяў.

І тут на дапамогу прыйшлі звышнатуральныя медыцынскія здольнасці сястры Ірыны з супольнасці сясцёр місіянерак св. Вінцэнта дэ Поль, якая ўсе гэтыя важныя, але ўсё ж непрыемныя рэчы залечвала.

Ніводная пілігрымка таксама не абыходзіцца без ваенных. Так, цэлай гвардыі тых, хто адказвае за тое, каб з чыстым сэрцам і яснымі думкамі пілігрымы дайшлі да Марыі і змаглі хутчэй паяднацца з Богам. Святары мужна спавядалі і заўсёды былі адкрытыя на духоўную размову.



Споведзь, малітвы і тэматычныя канферэнцыі (напрыклад, на тэму Божай Міласэрнасці) дапамагаюць пілігрымам не забыцца пра асноўную мэту іх духоўнага шляху. 

Але што за малітва, калі ты галодны? Праблема голаду ў пілігрымцы вырашаецца таксама па-рознаму. Калі скончыліся свае бутэрброды, заўсёды можна пайсці пазнаёміцца з кім-небудзь падчас прывалу.

Або, калі агульныя запасы вычарпаны, на дапамогу прыходзіць мясцовае насельніцтва. Лагішынскіх «марафонцаў» гасцінна сустракалі і накармілі жыхары навакольных вёсак, такіх, як в. Крыўчыцы. І былі вельмі задаволеныя (не кожны ж дзень тут адбываюцца такія падзеі сусветнага маштабу).

А добра пад'еўшы можна і патанчыць на прывале. Тут вам і «Бельгійка» і «Опа-опа», і іншыя танцы, якія адольваюць самыя стойкія.


Пілігрымка заўжды выклікае самыя розныя рэакцыі ў людзей, якія з ёй сустракаюцца. Лагішынская — не выключэнне. Але часцей за ўсё гэта добрыя рэакцыі: здзіўленыя твары дзяцей і дарослых, якія выглянулі з акна, або выпадкова выйшлі на вуліцу, а тут «такое штосьці цікавае адбываецца», сігналы машын і шматлікія іншыя. І калі хтосьці з мінакоў пытаўся раптам: «А вы куды?», — пілігрымы з радасцю адказвалі: «У Лагішын, да Маці Божай».

«Марыя для мяне з’яўляецца такім фільтрам. Яна дапамагае мне зразумець, што мне неабходна. Таму што ў жыцці мы не заўсёды ведаем насамрэч, чаго хочам. У гэтай пілігрымцы я іду, каб усё даверыць Богу, сапраўды паставіць Яго на першае месца. Марыя для мяне больш, чым маці, Яна Маці, якая, калі мне сапраўды будзе штосьці неабходна, пагладзіць па галоўцы, скажа, што не ўсё згублена, проста галоўнае – прыйсці да Яе і сказаць ад усяго сэрца, што ты хочаш», — заўважае ўдзельніца пілігрымкі Аксана Цюпяшук з Брэста.

Пілігрымка адметная і тым, што з’яўляецца яшчэ адным спосабам наблізіцца да Бога. Для Ірыны Крыкала з Пінска гэта першая аднадзённая пілігрымка.

«Раней я хадзіла з Баранавіч і Бярозы. І цяпер, калі мне далі адзін дзень адпачынку, я магу гэты прыгожы сонечны дзень ісці з малітваю, з праслаўленнем Пана Бога і несці інтэнцыі да нашай Каралевы Палесся», — дзеліцца Ірына і дадае, што ў гэтай пілігрымцы ішла з інтэнцыяй зрабіць правільны жыццёвы выбар.


«Мая сястра зараз паступае. Хочацца за яе маліцца, каб у яе ўсё атрымалася. За дзетак, з якімі займаюся катэхезаю, а таксама за тых дзетак, якіх раней вучыла, калі працавала настаўніцай англійскай мовы, таму што я разумею, наколькі гэта важна — маліцца за моладзь», — дадае Ірына.

«Пілігрымка для мяне — гэта магчымасць несці Божую радасць. Сёння 9 мая, і патрэбна падзякаваць Богу, што мы жывем у мірны час. Ветэранаў трэба памятаць, але не трэба таксама забываць пра Бога. Таму мы вось такім “парадам” ідзём да Марыі, каб праслаўляць Бога, які даў нам мір і гэтую перамогу», — заўважыў Уладзіслаў з Івацэвічаў.


Пілігрымка – гэта не толькі шлях: гэта, канешне ж, радасць ад дасягнення мэты паломніцтва. І калі на гарызонце з’яўляецца шыльда з надпісам «Лагішын», сярод пілігрымаў пачынаецца асаблівы рух: песні становяцца гучнейшымі, чуюцца воплескі і радасныя воклічы.

Але асаблівая радасць узнікае тады, калі кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай кс. Тадэвуш Шэшка, прывітаўшы пілігрымаў, асвячае іх халоднай вадой. Пасля гэтага усёй грамадой, на чале са святарамі пілігрымы ўваходзяць у санктуарый, каб разам памаліцца перад абразом Маці Божай Лагішынскай.



«Думаю, што кожны па-свойму пачуў, што кажа яму асабіста Маці Божая, а хто яшчэ не пачуў, то ёсць яшчэ час, каб у гэтым санктуарыі, прайшоўшы праз Брамы Міласэрнасці, пачуць параду Марыі, што трэба зрабіць, каб стаць міласэрнымі, як Айцец», — звярнуўся да пілігрымаў кусташ санктуарыя кс. Тадэвуш Шэшка.

Святую Імшу ў лагішынскай святыні на заканчэнне пілігрымкі цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Я вельмі цешуся, што вы гэтыя выходныя дні мая прысвяцілі менавіта духоўнаму ўзрастанню», — прывітаў усіх удзельнікаў пілігрымкі іерарх. Падкрэсліўшы вялікае значэнне гэтай пілігрымкі, біскуп Антоні Дзям’янка, а таксама кусташ санктуарыя ў Іванаве кс. Павел Кручэк запрасілі ўсіх на ўрачыстасці, прысвечаныя св. Андрэю Баболі, якія пройдуць 16 мая ў Іванаве.


Святой Імшой аднадзённая пілігрымка да Маці Божай Каралевы Палесся завяршылася, аднак гэта толькі пачатак новых, летніх пілігрымак у розныя санктуарыі нашай краіны.

Пілігрымка – гэта таксама вялікая радасць і надзея, надзея на тое, што праз Марыю можна выпрасіць у Бога сапраўдную свабоду, якую можа даць толькі Езус.

Марына Валасар,

Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.