16 мая, у літургічны ўспамін св. Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, у Іванаве адбыліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці. Урачыстасці сабралі вялікую колькасць удзельнікаў – духавенства і вернікаў.
Урачыстасці пачаліся каля крыжоў на месцы мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі, месцы яго апошняй малітвы і апошняга сведчання веры. Тут ён быў схоплены і тут распачалася яго мучаніцкая смерць. Ля крыжоў сабраліся шматлікія вернікі і духоўныя асобы.
Ад крыжоў вырушыла ў касцёл працэсія з рэліквіямі святога.
У Год Божай Міласэрнасці, які зараз перажывае Паўсюдны Касцёл, вернікі прайшлі праз Брамы Міласэрнасці ў санктуарыі св. Андрэя Баболі. Найважнейшым пунктам святкавання была Імша ў санктуарыі, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У гаміліі падчас Імшы іерарх адзначыў: «Святы Андрэй Баболя хоча не толькі запэўніць нас у сваім заступніцтве перад Богам і заахвоціць далей прасіць яго аб дапамозе, але і прагне нам штосьці сказаць. Даць парады. Навучыць…»
«А мы адчуваем яго дапамогу і заступніцтва, – дадаў біскуп. – Колькі ж спраў было здзейснена! Колькі праблем вырашана! Дынамічны характар развіцця нашай дыяцэзіі – у яго святых руках».
«Мы радуемся сённяшняй сустрэчы, калі Андрэй Баболя, святар, прамаўляе да нас – святароў. Гэта такая своеасаблівая мужчынская размова. Не сядзець і не плакаць, калі цяжка, а ўспрыняць цяжкасці як выклік. Ён, святар і мучанік, прамаўляе да нас, святароў-немучанікаў. Што прамаўляе? Прамаўляе словамі адной з рэлігійных песень: “Ты не мусіш сёння гінуць, а ўкрыжаваць сваё сэрца”», – звярнуў увагу пінскі ардынарый.
«Ты не мусіш гінуць. Аднак трэба памятаць, што пастаянна за Езуса гінуць святары, сёстры і свецкія вернікі. На розных кантынентах. Сёння. Дзякуем Богу, што нас такі лёс не напаткаў. Адзін з вязняў канцлагероў Другой сусветнай вайны казаў, што пра Бога лёгка гаварыць. Нашмат цяжэй для Бога працаваць. Яшчэ цяжэй памерці для Яго, а самае цяжкае – цярпець. Працаваць і цярпець – гэта акурат і азначае ўкрыжаваць сваё сэрца», – патлумачыў іерарх.
Як адзначыў біскуп, у бягучы Год Міласэрнасці, у кантэксце новай евангелізацыі святы Андрэй Баболя «перадусім паўтарае словы Пана Езуса, сказаныя ў такі ж час, як і сёння, гэта значыць блізка Унебаўшэсця і Спаслання Духа Святога: “Ідзіце і абвяшчайце. Я з вамі!”» «Наша пакліканне – ісці і абвяшчаць. Гэта наша сёння. Наша праца і цярпенне. Даваць людзям Евангелле ў якасці спосабу жыцця падчас пілігрымавання ў дом Айца», – падкрэсліў іерарх.
Біскуп Пінскі нагадаў, што святы Андрэй Баболя належаў да тых наступнікаў і супрацоўнікаў апосталаў, якія «ішлі, абвяшчалі Евангелле і гінулі». Іерарх нагадаў таксама словы з Евангелля паводле Яна: «А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян 1, 12). «І з гэтага вынікае радасць абвяшчэння Евангелля. І да гэтага нас заахвочвае наш апякун св. Андрэй Баболя», – падкрэсліў пінскі ардынарый.
Напрыканцы Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасцях i выказаў пажаданне, каб культ святога Андрэя Баболі распаўсюджваўся на Палессі і ва ўсёй краіне.
На заканчэнне ўсе прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога. (JM), (AG) Фота кс. Яна Глінкі SVD
|