| Біскуп Антоні Дзям’янка ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Брэсце | 
	| Беларусь - Пінская дыяцэзія | 
	| 25.05.2016 17:44 | 
|  22 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, у брэсцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і дарослым.
 Сакрамэнт прынялі 76 вернікаў рознага ўзросту з усёй дыяцэзіі. Прысутнічалі парафіяне як з брэсцкіх касцёлаў, так і з Бярозы і вёскі Пелішча. 
 Падчас урачыстай Імшы біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсліў, што сакрамэнт канфірмацыі нездарма называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці: дзякуючы яму хрысціянін атрымлівае неабходныя дары Духа Святога, якія дазваляюць яму з усёй адказнасцю ставіцца да сваёй веры і сведчыць аб ёй у свеце.
 
 Таксама іерарх нагадаў, што сёлетні сакрамэнт канфірмацыі незвычайны, бо адбываецца ў пазачарговы Юбілейны Год Міласэрнасці. У яго рамках адразу ў некалькіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі былі адкрыты Брамы Міласэрнасці, каб вернікі маглі скарыстацца надзвычайнай магчымасцю атрымаць поўны адпуст на тэрыторыі ўсёй дыяцэзіі.
  
  
   
 |