Выстаўка сучаснай іконы «Прыпавесці» будзе працаваць у Пінску да 26 чэрвеня. Некалькі дзясяткаў абразоў прадставілі пінчукам удзельнікі традыцыйных майстар-класаў па іканапісе ў Навіцах (Польшча).
Удзел у гэтым мастацкім пленэры штогод бяруць мастакі з розных краін. Летась гасцямі майстар-класаў па іканапісе сталі мастакі з Украіны, Грузіі, Польшчы і Беларусі, а тэмай заняткаў былі абраныя прыпавесці з Бібліі.
Яркія абразы выкананы ў некананічным стылі, незвычайнай формы, ёсць нават ікона-музычны інструмент — інтэрпрэтацыя алегорый і сімвалізму Бібліі мастакамі розных культур і традыцыяў. Паводле слоў удзельнікаў, сучасная ікона — адна з самых цяжкіх тэмаў у творчасці мастакоў. Іканапіс — гэта ўяўленне пра Бога, Якога мастак ніколі не бачыў. Таму няма больш таямнічага мастацтва. Сучасны мастак імкнецца распавесці пра біблейскія тэмы, балансуючы паміж царкоўнымі канонамі і сучаснымі традыцыямі ў мастацтве. Творчасць, якая яднае
Беларускія мастакі Антон і Кацярына Дайнэкі, якія ўдзельнічалі ў майстар-класах па іканапісе, прызнаюцца, што для іх такія пленэры — каштоўная магчымасць пазнаёміцца з калегамі. 
«Творчасць іканапісца — вельмі самотная праца. Свецкія мастакі пражываюць імклівае і насычанае жыццё. У царкоўных мастакоў усё па-іншаму — ікона пішацца пад замову, таму яе не выстаўляюць на выстаўках», — адзначаюць беларускія мастакі.
«І, нават, калі распісваеш храм — гэта займае працяглы час, таму мастак аддаецца ўвесь гэтай справе і не стасуецца з калегамі. А падчас пленэраў утвараецца сваеасаблівае асяроддзе мастакоў з розных краін і розных культур, што важна для ўдасканалення сваіх пазіцый», — дадаюць Антон і Кацярына.

Аднымі з першых незвычайную выстаўку наведалі студэнты і выкладчыкі Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Паводле media-polesye.by, (IL)
|