Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстае заканчэнне навучальнага года адбылося ў семінарыі ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.06.2016 21:31

17 чэрвеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылося ўрачыстае заканчэнне навучальнага года. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На Імшы сабраліся выкладчыкі, навучэнцы і свецкія супрацоўнікі семінарыі.

Звяртаючыся да семінарыстаў, біскуп Антоні Дзям’янка сказаў, што гэты навучальны год даў ім добрую магчымасць «сустрэцца з Езусам – на малітве, у Божым слове, у святых сакрамантах, падчас асабістай падрыхтоўкі, у іншым чалавеку», і на гэтых сустрэчах яны «атрымлівалі дары спакою, еднасці, упэўненасці і яснасці адносна сваёй будучыні».

«Духоўная семінарыя — гэта сакральная прастора, святая прастора, — адзначыў біскуп. — Гэта прастора цішыні, засяроджанасці, у пэўным сэнсе ізаляцыі ад рэальнасці, якую называем свецкім стылем жыцця. Езус, фармуючы апосталаў, сам часта зыходзіў у ціхія і пустынныя, незаселеныя месцы, здалёк ад цывілізацыйнага шуму, каб прабываць сам-насам з Богам Айцом; адыходзіў на самоту таксама са сваімі вучнямі. Толькі ў такім набліжаным да евангельскага клімаце можна падрыхтавацца да святарства».

Кажучы аб тым, што навучэнцы семінарыі на лета разыходзяцца на практыкі і адпачынак, іерарх звярнуў увагу, што гэты час адпачынку з’яўляецца асаблівым «часам выпрабавання — ці люблю я Хрыста і Касцёл», а таксама часам «асабліва інтэнсіўнага апостальства на шляхах розных летніх маршрутаў».

Пінскі ардынарый дадаў, што заканчэнне навучальнага года для семінарыстаў — гэта нагода падзякаваць усім тым, хто вёў выхаваўчую і фармацыйную працу, інтэлектуальна абагачаў іх. Таксама, па словах іерарха, гэта нагода «зрабіць рахунак сумлення з таго, як выкарысталі гэта багацце», якое ім давалі выкладчыкі семінарыі, духоўны айцец, спаведнікі; як яны «выкарысталі ў сваім жыцці Божае слова, навучанне Папы Францішка ў Юбілейны Год Міласэрнасці, навучанне біскупаў, святароў»; «ці былі пільнымі ў навуцы»; ці былі падатныя на фармацыю чалавечую і духоўную.

Біскуп Антоні Дзям’янка пажадаў семінарыстам, каб падчас летняга адпачынку «яшчэ больш удасканавальвалася» іх сумленнасць, каб іх вернасць «была плённай і дапамагла ўзрастаць новаму чалавеку, евангельскаму, бо толькі такі хрысціянін можа быць сапраўдным сведкам».

Таксама іерарх пажадаў ім «углядацца ў постаці святых святароў», якія былі і на нашай зямлі, і жыць прыкладам іх жыцця.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.