У семінарыі ў Пінску завяршыліся рэкалекцыі па распазнанні паклікання |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
22.07.2016 11:41 |
На працягу чатырох дзён, з 18 па 21 ліпеня, юнакі з Пінскай і Віцебскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзій прымалі ўдзел у рэкалекцыях па распазнанні паклікання, якія праходзілі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Апошні дзень рэкалекцый праходзіў пад знакам удзячнасці за перажытыя духоўныя практыкаванні. Малітвы, разважанне над Божым словам, парады духоўных айцоў і летняя прырода вакол старадаўніх муроў духоўнай семінарыі дапамагалі юнакам знайсці адказы на схаваныя ў сэрцах пытанні.
Пра гэта адкрыта і з запалам сведчылі на заканчэнне ўдзельнікі рэкалекцый.
Кульмінацыйным момантам, завяршаючым духоўныя практыкаванні, стала ўрачыстая святая Імша ў пінскім катэдральным касцёле, дзе ўдзельнікі рэкалекцый разам са шматлікімі святарамі і вернікамі Пінскай дыяцэзіі дзякавалі Богу за дар вялікага пастыра беларускай зямлі кардынала Казіміра Свёнтка, молячыся за яго з нагоды пятай гадавіны адыходу ў вечнасць.
На завяршэнне ўдзельнікі рэкалекцый атрымалі пастырскае благаслаўленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, а таксама запрашэнне рэктара семінарыі да частага наведвання гэтай духоўнай установы, куды можна прыехаць не толькі летам, але і ў любы час, каб у малітоўным суцішэнні паслухаць Бога.
(AG) Фота Уладзіслава Козела |