Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў Крыўчыцах: «Памятаць, разважаць і жыць у адкрытасці на Божыя натхненні» (+фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
27.07.2016 14:30

24 ліпеня ў парафіі Св. Ганны ў в. Крыўчыцы (Пінская дыяцэзія) адбылася адпустовая ўрачыстасць. Яе ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Звяртаючыся да вернікаў, біскуп адзначыў падчас Імшы, што ў гэтым годзе на парафіяльнай урачыстасці святой Ганны яны збіраюцца ў адноўленай капліцы, таму гэтая сустрэча мае двайную радасць і сямейны характар. «Тут сабралася парафіяльная сям’я, якая з’яўляецца часткай дыяцэзіяльнай пінскай сям’і і часткай Паўсюднага Касцёла, — сказаў іерарх. — Другое вымярэнне нашай сустрэчы — Святая Сям’я ў шырокім значэнні: не толькі Езус, Марыя і Юзаф, але і бацькі Марыі — святыя Яўхім і Ганна».



Такім чынам, адзначыў пінскі ардынарый, па лініі Маці Езуса гэта звычайная сям’я, умяшальніцтва ж Бога бачна па лініі бацькі — «бо ім з’яўляецца толькі і выключна Бог». «У рэчаіснасці прыйсця Збаўцы ў гэты свет, Яго дзяцінства і ўзрастання сустрэліся выключным чынам чалавечае і звышпрыроднае, Божае», — сказаў біскуп.

Адначасова, як дадаў іерарх, «чалавечае ад пачатку сямейнай традыцыі было дапоўнена Божай прысутнасцю»: «толькі будучы выхаванай у такой атмасферы, Марыя была здольнай падчас Звеставання сказаць Богу: “Няхай станецца паводле Твайго слова”». У гэтым, адзначыў біскуп, вялікая роля святых Яўхіма і Ганны.



«Мы сёння таксама просім, каб і ў нашай рэальнасці перапляталася Божае і чалавечае, — сказаў пінскі ардынарый. — Больш за тое, каб Божае надавала сэнс чалавечаму існаванню».

Узгадаўшы выпадак, апісаны ў Евангеллі, калі бацькі шукалі 12-гадовага Езуса ў святыні, біскуп звярнуў увагу на тое, што кажа пра гэта евангеліст: Марыя захавала ў памяці і разважала ў сэрцы над гэтымі здарэннямі. «І гэта менавіта вынік выхавання ў бацькоўскім доме: Яна не разумела, але захоўвала ў памяці і разважала ў сваім сэрцы, — патлумачыў іерарх. — Дастаткова было ведаць, што Бог — гэта любоў і што Ён жадае чалавеку найлепшага». «Памятаць і разважаць — значыць пастаянна шукаць адказ на пытанне, як Богу адказваць на Яго любоў», — сказаў біскуп і выказаў меркаванне, што гэта заданне для хрысціянскай сям’і і на сённяшні час.



Пінскі ардынарый пажадаў, каб «памятаць, разважаць, маліцца і жыць у адкрытасці на натхненні, паходзячыя ад Бога» было заданнем для сем’яў парафіі ў Крыўчыцах і для дыяцэзіяльнай супольнасці.

(AG)

Фота Уладзіслава Козела

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.