Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Прыехала дадому абноўленай і натхнёнай»: у Лагішыне прайшлі рэкалекцыі для моладзі Лагішына і Магілёва
Беларусь - Пінская дыяцэзія
11.08.2016 09:53

Рэкалекцыі для дзяцей і моладзі з Лагішына і Магілёва ў Юбілейны Год Міласэрнасці прайшлі 4-9 жніўня ў лагішынскім Доме міласэрнасці.

У духоўных практыкаваннях прымала ўдзел больш за 20 чалавек, якімі апекаваліся сёстры місіянеркі Святой Сям’і з Пінска і Магілёва. Ад імя ўдзельнікаў сёстры дзякуюць дырэктару Дома міласэрнасці Аляксандру Фядковічу і яго супрацоўнікам за адкрытасць, прыязнасць і спагадлівасць.

Моладзь знаёмілася паміж сабой, а таксама рабіла добрыя ўчынкі ў Доме міласэрнасці, дапамагаючы яго жыхарам.

У кожнага былі свае эмоцыі, адчуванні і, магчыма, перажыванні, якімі некаторыя ўдзельнікі дзеляцца з чытачамі Catholic.by.

Кацярына Баханкова:«Дзякую тым людзям, якія нас запрасілі ў Дом міласэрнасці, якія кармілі нас. Дзякуй с. Веры і с. Рыце за цікавыя катэхезы і час, праведзены з намі, за арганізацыю паездкі ў Лагішын. Хто яшчэ там не быў, абавязкова з’ездзіце. Лішніх рук там не бывае».

Вольга Лабачэўская: «Усе важныя для Бога! Над гэтымі словамі я разважаю і дагэтуль. Мне пашчасціла на рэкалекцыях "акунуцца" ў жывую Божую прысутнасць! Дзякуй цудоўным сёстрам Рыце і Веры, што яны зрабілі такую "перазарадку" нашай веры. Я адчула, як кожны з нас каштоўны для Пана Бога і ўваходзіць у Яго вялікую задуму! Так выдатна было дарыць і атрымліваць любоў, усмешку, дабрыню і радасць! Хачу працягу!»

Юлія Пасынкова: «Гэта былі насычаныя дні, поўныя сюрпрызаў. Чаго мы толькі не рабілі ў гэтыя дні! Але самае галоўнае, што мы былі побач з Богам, які нас пастаянна ўзнагароджваў за добрыя ўчынкі. Я задаволеная тым, як прайшлі рэкалекцыі: мы наведалі пінскі касцёл, пабывалі на цікавай экскурсіі ў семінарыі, дапамагалі бабулям і дзядулям з Дома міласэрнасці — пасля нават зладзілі для іх канцэрт.

Такіх дзён у мяне яшчэ не было. Яны пакінулі свой след у сэрцы: такое адчуванне, што я прыехала дадому абноўленай і натхнёнай на новыя цікавыя ідэі! У такія паездкі трэба ездзіць як найчасцей, бо мы так ачышчаем нашу душу і прасвятляем нашы думкі».

Таццяна Лабачэўская: «На жаль, я была на рэкалекцыях толькi aпошнi дзень, але гэты дзень застанецца ў маiм сэрцы на доўгi час. Я пераканалася, што Бог кожны дзень робiць для нас цуды! I гэтыя людзi, якiя былi побач, — гэта найважнейшы дар для мяне. Вялiкая магчымасць малiцца разам, праслаўляць Бога спевам, учынкамi мiласэрнасцi».

Даша Лебядзеўская: «Час на рэкалекцыях прайшоў выдатна. На душы адчувалася супакаенне. Усе людзі, якія знаходзяцца ў Доме міласэрнасці, вельмі адкрытыя, добрыя, уразлівыя. Дапамагаць ім адно задавальненне.

Калі мы паказалі канцэрт для старэйшага пакалення, убачылі, што ў кожнага свяціўся твар ад шчасця! І ў мяне душа гэтак жа свяцілася. Гэта вельмі прыемнае пачуццё».

Марыя Петруковіч: «На рэкалекцыях я была ўпершыню, таму не ведала, што і як там будзе. Буду шчырай, рэальнасць пераўзышла ўсе мае чаканні.

Было столькі смешных, цікавых, захапляльных момантаў! Насамрэч, я вельмі рада, што мы пазнаёміліся з такой класнай моладдзю з Магілёва, змаглі дапамагчы людзям у Доме міласэрнасці, а галоўнае, што вынік спадабаўся Богу і мне. І хачу сказаць вялікі дзякуй сёстрам місіянеркам Святой Сям’і за тое, што далі нам магчымасць там быць і ўсё гэта адчуваць».

Таццяна Прыпутневіч: «Рэкалекцыі вельмі спадабаліся. Было вельмі весела рабіць розныя заданні, і асабліва прыемна, калі за іх нас хвалілі (усміхаецца – заўв. аўт.). Яшчэ запомнілася экскурсія ў пінскі касцёл. Там я даведалася шмат чаго цікавага пра кардынала Казіміра Свёнтка, пра тое, як жывуць у семінарыі навучэнцы і святары, і г.д. Надоўга запомню, як каталіся на цеплаходзе. Ужо сумую па моладзі і новых сябрах з Магілёва».

С. Вера Гаспаровіч і с. Рыта Халявінская з Кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і,
фота з архіва Кангрэгацыі


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.