Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
30-ю гадавіну смерці кс. Ежы Росяка адзначылі ў Паланэчцы (+фота)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
20.08.2016 16:10

20 жніўня ў парафіі Святога Юрыя ў Паланэчцы адзначалася 30-я гадавіна смерці кс. Ежы Росяка. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Час, які прамінуў – 30 гадоў з дня смерці руплівага святара, вязня ГУЛАГу, душпастыра многіх парафій Брэстчыны і Баранавіцкага рэгіёна нашай Пінскай дыяцэзіі, – дазваляе нам нанова ацаніць яго служэнне», – сказаў у гаміліі падчас Эўхарыстыі пінскі ардынарый. Звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў, што «тут сабраліся тыя, каго кс. Ежы вучыў, хрысціў, вянчаў». Па словах біскупа, час «не засланіў гэтай асобы ад людзей, якія сёння тут жывуць і якія спатыкаюцца з выклікамі іншага характару».

Біскуп узгадаў жыццёвы шлях кс. Ежы Росяка, які нарадзіўся на Падляшшы ў 1914 годзе ў сям’і рабочага, рана застаўся без бацькі, скончыў гімназію ў Бельску Падляскім, быў актыўным скаўтам. У 1937 г. у семінарыі ў Пінску ён распачаў фармацыю да святарства, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1943 г. Служыў у Брэсце, абслугоўваючы навакольныя парафіі. Пасля сямі месяцаў арышту яго прымушалі прызнацца ў прыналежнасці да АК, у якой ён ніколі не быў, у антысавецкай дзейнасці. У час арышту святару не дазвалялі тыднямі заснуць, у яго пагоршылася здароўе і пачаліся галюцынацыі. Быў асуджаны на 25, а потым на 10 гадоў ГУЛАГу. Зняволенне адбываў дзевяць гадоў у Нарыльску, выжыў дзякуючы пасылкам ад парафіян з Брэста. У 1956 годзе атрымаў дазвол на працу ў Паланэчцы, абслугоўваў у Баранавіцкім рэгіёне таксама іншыя парафіі, што засталіся без святара. Разам з іншымі душпастырамі быў тым святаром, якія неслі жыхарам святло веры. Загінуў у аўтакатастрофе 19 жніўня 1986 года.

Па словах біскупа Антонія Дзям’янкі, ксёндз Ежы Росяк «вачыма веры глядзеў на многія справы», «адорваў пашанай чалавека нават тады, калі адчуваў, што той апутаны сіламі зла».

Таксама, як адзначыў іерарх, кс. Ежы Росяк «вучыў людзей думаць паводле намеру Бога» і рабіў гэта тады, «калі прамаўляў гаміліі, у звычайных гутарках з людзьмі, калі вёў духоўнае кіраўніцтва». 

«Павучанні святога Паўла былі стылем яго жыцця. Не апускайцеся ў руплівасці, выконвайце службу Пану, весяліцеся надзеяй, у прыніжэнні будзьце цярплівымі, на малітве вытрыманымі, благаслаўляйце тых, хто вас пераследуе, не зласлоўце, весяліцеся з тымі, хто з вамі радуецца, плачце з тымі, хто плача, будзьце руплівымі ва ўзаемных пачуццях, нікому злом за зло не адплачвайце», – дадаў біскуп Антоні Дзям’янка.

Іерарх нагадаў, што кс. Ежы Росяк лічыўся сярод святароў вельмі добрым знаўцам маральнай тэалогіі і «сам гаварыў, што, калі сустрэўся з якімсьці казусам, то, пакуль не знайшоў адказу на яго ў тэалогіі, быў неспакойны». Гаміліі ён, па словах пінскага ардынарыя, «прамаўляў простыя, ад сэрца, якія даходзілі да кожнага слухача», «спяшаўся заўсёды з дапамогай святарам у душпастырстве», «не шкадаваў ні сіл, ні часу, ні сродкаў, каб дапамагчы ў душпастырстве».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.