Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На мапе Беларусі з’явілася яшчэ адна святыня: асвячэнне касцёла святога Юзафа ў Брэсце (+фотарэпартаж)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
14.09.2016 00:14

13 верасня для супольнасці парафіі Святога Юзафа ў Брэсце адбылася важная падзея — асвячэнне касцёла. Святыня будавалася амаль 13 гадоў. У 2003 годзе намаганнямі кс. прэлата Збігнева Кароляка быў атрыманы дазвол на будаўнітцва. Пасля да 2006 года за будаўніцтва святыні быў адказны дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, а з 2006 года — кс. Антоні Гей, які і да сёння з'яўляецца пробашчам гэтай парафіі. На сёння гэта ўжо трэцяя святыня ў Брэсце.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Казімір Велікаселец. Асвячэнне касцёла здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што «Касцёл — гэта не толькі і не столькі будынак, нават сакральны. Хрыстус падкрэслівае, што ён збудаваны на скале. Гэтай скалой з’яўляецца вера Пятра. Таму Касцёл павінен быць супольнасцю веруючых, якія, падобна Пятру, вызнаюць, што Хрыстус — гэта Сын Божы, Збаўца свету». На гэтай веры, як падкрэсліў іерарх, варта «будаваць сваё асабістае, сямейнае, прафесійнае і грамадскае жыццё».

«Пабудаваная святыня будзе служыць касцёльнай супольнасці і таму павінна быць асвечана, гэта азначае аддадзена Богу як прастора, у якой збіраецца і моліцца Божы народ», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на асвячэнне касцёла ў Брэсце

Брэст знаходзіцца на заходніх рубяжах Беларусі і вядомы многімі гістарычнымі падзеямі, якія тут адбываліся, у тым ліку і ў жыцці Касцёла. Вядомы ён і славутай Брэсцкай крэпасцю, якая першая прыняла на сябе ўдар фашысцкіх войскаў. Арцыпастыр пажадаў, каб новапабудаваная святыня ў Брэсце стала «фарпостам хрысціянскай веры».

Падчас Імшы была выказана падзяка спонсарам і ахвярдаўцам, дзяржаўным уладам, будаўнікам і архітэктару Аляксею Андрэюку.


(DN), (VGr)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.