Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Дзям’янка: пярэчыць існаванню анёлаў — нібы вырваць кожную другую старонку Пісання
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.09.2016 11:03

29 верасня, у свята св. Міхала Арханёла, свв. Габрыэля і Рафала, арханёлаў, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка цэлебраваў літургію ў пінскай катэдры. У гэты дзень іерарх адзначаў 18-ю гадавіну біскупскага пасвячэння.

У гаміліі біскуп нагадаў, што кажа Біблія пра існаванне анёлаў, якіх стварыў Бог. Як вучыць катэхізіс, анёлы нематэрыяльныя, духоўныя, адораныя розумам і вольнай воляй. «Убачыць анёла чалавек не можа, — падкрэсліў іерарх, — але пярэчыць існаванню анёлаў азначае нібы вырваць з Бібліі кожную другую старонку».

«Анёлаў цікавіць усё, што датычыць вандроўкі людзей у вечнасць. Яны дапамагаюць чалавеку аддаліцца ад зла і наблізіцца да Хрыста», — дадаў біскуп.

Ардынарый нагадаў таксама гісторыю падзення анёла Люцыфера. «Бог, ствараючы нябесныя войскі, хацеў выпрабаваць іх і загадаў аддаць пашану Адаму. З-за пыхі не ўсе споўнілі гэты загад. На чале збунтаваных стаў Люцыфер, якога Бог зрынуў з неба разам з яго паплечнікамі. З гэтага часу Люцыфер скіраваў сваю нянавісць на Адама і яго патомства. Зло, якое чынім, з’яўляецца выразам намовы сатаны, які ненавідзіць людзей. Злы дух дзейнічае ў свеце. Вядзе барацьбу рознымі спосабамі, прымае розныя маскі», — адзначыў іерарх.

На заканчэнне біскуп Пінскі даручыў апецы св. Міхала Арханёла партыкулярны Касцёл у Беларусі: «Святы Міхале Арханёле, асцерагай нас ад згубных небяспек, барані ад зла, а калі здароўе і жыццё будуць пад пагрозай, выпрасі нам дапамогу ў Бога».

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.