Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
15-годдзе адраджэння семінарыі адзначылі ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.10.2016 11:49

3 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску адбылася ўрачыстасць 15-годдзя адраджэння гэтай навучальнай установы, а таксама інаўгурацыя новага навучальнага года.

Установа была заснавана ў 1925 годзе. У 1939 годзе яе дзейнасць спыніла савецкая ўлада. Бібліятэка і дыяцэзіяльны архіў былі часткова знішчаны, а часткова вывезены ў глыб Расіі. Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі адбылося 12 верасня 2001 г. дзякуючы ініцыятыве і намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, які сам вучыўся ў гэтай семінарыі да яе закрыцця.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерархі прадстаўлялі ўсе дыяцэзіі Беларусі, для якіх рыхтуе святароў міждыяцэзіяльная семінарыя ў Пінску.

Прысутнічалі таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары з розных дыяцэзій, выкладчыкі семінарыі і госці.

Распачаўся дзень з ранішняй малітвы ў семінарыйнай капліцы. Затым адбылося ўручэнне дэкрэтаў выкладчыкам і студэнцкіх білетаў семінарыстам першага курсу. Віцэ-рэктар семінарыі кс. Адам Дынак зачытаў рэферат на гістарычна-біблійную тэму.

Эўхарыстыя з нагоды ўрачыстасцяў адбылася ў пінскай катэдры. Узначаліў літургію біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі, якую прамовіў біскуп Алег Буткевіч, прысутныя пачулі разважанне на тэму міласэрнай любові і пра давер да Бога. Менавіта гэтыя якасці, як падкрэсліў біскуп Віцебскі, павінны адрозніваць хрысціяніна.

Як адзначыў ва ўступным слове біскуп Антоні Дзям’янка, «добры пачатак — гэта ўжо палова справы». Наперадзе ў семінарыстаў доўгі і адказны шлях — як у семінарыйнай супольнасці, так і ў будучыні ў святарскім служэнні.

Паводле seminaryja.by, (VGr)
Фота Андрэя Бурака

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.