Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гомелі памаліліся на месцы масавых расстрэлаў ахвяр рэпрэсій
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.11.2016 15:31

Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, 2 лістапада, прайшло набажэнства ля крыжа на 9-м кіламетры ў Навабеліцкім раёне Гомеля — месцы масавых расстрэлаў святароў і веруючых, здзейсненых працаўнікамі НКУС.

Гэта адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкага тэрору ў перыяд 1919–1940 гг. У 30-я гады, а асабліва ў 1937 годзе, тут было расстраляна мноства католікаў, праваслаўных — як вернікаў, так і святароў. У мясцовых лясах было знойдзена шмат месцаў масавых расстрэлаў.

Набажэнства, на якім сабраліся вернікі і родныя забітых, а таксама сёстры місіянеркі Божай Любові і сёстры бэнэдыктынкі, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

«Дзякуючы гэтым бязвінным ахвярам мы сёння маем магчымасць ісці па шляху святасці. Вельмі многа веруючых тут скончылі свой зямны шлях у перыяд пераследу Касцёла. Крыж — гэта не толькі знак перамогі над смерцю, але і знак прабачэння. Таму просім перш за ўсё за ганіцеляў, бо мучанікі праз сам факт праліцця крыві ўжо на нябёсах. Многія паміралі, даруючы нават сваім ворагам, а гэта можна ўчыніць толькі маючы ў сэрцы любоў Хрыста, — патлумачыў пробашч гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Славамір Ляскоўскі. — Мы прыходзім сюды кожны год, каб ушаваць памяць тых, хто баяўся бальшавіцкага рэжыму, хто не баяўся да канца ісці за Хрыстом, хто не баяўся таго, што можа памерці».

«Мы разумеем, што жыццё чалавека не заканчваецца смерцю, а толькі змяняецца. Мы прыходзім дзякаваць Богу за гэтых сведкаў веры, бо сёння Касцёл развіваецца дзякуючы таму, што гэтая зямля прапітана крывёю мучанікаў. Мы ідзём па іх слядах і вучымся вернаму служэнню Богу, ажно да праліцця крыві, калі ў гэтым ёсць Яго воля», — дадаў святар, нагадаўшы, што і сёння многія людзі аддаюць сваё жыццё за Хрыста: хрысціяне ў Сірыі, Іране, Іраку, Паўночнай Карэі, Кітаі, Афрыцы.

Паводле katolik-gomel.by
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.