Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы ў Беларусі каталіцкі Дом міласэрнасці ў Лагішыне адзначыў пяцігоддзе
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.11.2016 10:32

Дом міласэрнасці пры парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне адзначыў пяцігадовы юбілей. Гэта першая ў Беларусі каталіцкая ўстанова, якая апякуецца пажылымі людзьмі.

Варта адзначыць, што яе пастаяльцамі з’яўляюцца не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. У самім Доме міласэрнасці знаходзіцца «міжканфесійная капліца», дзе рэгулярна праводзяцца набажэнствы.

«Наш дом адкрыты для кожнага чалавека незалежна ад яго веравызнання, — адзначае каардынатар прытулку кс. Тадэвуш Шэшка FDP. — Для нас найперш важна, што гэта чалавек. Заснавальнік супольнасці арыяністаў вельмі клапаціўся пра тое, каб у Божай міласэрнасці мы злучалі сэрцы ўсіх людзей».

Урачыстасць святкавання юбілею адбылася 24 лістапада. У гэты дзень у мясцовым санктуарыі ў Лагішыне прайшла святая Імша ў інтэнцыі Дома міласэрнасці, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У Імшы прымалі ўдзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, а таксама святары з усіх дыяцэзій Беларусі. З нагоды юбілею Дома міласэрнасці, які быў узведзены дзякуючы арыяністам кс. Станіславу Паўліне FDP і кс. Міраславу Жлабінскаму FDP, у Лагішын прыбыў таксама правінцыял супольнасці ксяндзоў арыяністаў у Польшчы кс. Кшыштаф Бараноўскі FDP і біскуп з Драгічына Антоні Пацыфік Дыдыч.

Сярод гасцей былі шматлікія вернікі, а таксама прадстаўнікі раённай і абласной улады.

«Быць міласэрнымі, як Айцец» У сваёй гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка, нагадваючы словы Папы Францішка, адзначыў важнасць сведчання міласэрнасці адносна бліжняга, а таксама падкрэсліў, што заканчэнне Года Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле не павінна азначаць заканчэння часу Божай міласэрнасці.

Прыводзячы словы св. Якуба, дзе «калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: “Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся”, але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць?» (Як 2, 15-16), біскуп заклікаў прысутных не забывацца пра любоў да бліжняга.


«Сапраўдная любоў павінна ахопліваць усяго чалавека, бо інакш, калі яна забудзе пра духоўныя патрэбы, рызыкуе стаць прымітыўнай філантропіяй, а калі забудзе пра матэрыяльныя, пра тое, што брат і сястра не маюць адзення, не маюць хлеба, стане бясплённай і таннай пабожнасцю», — сказаў пінскі ардынарый.

Пра справы міласэрнасці і скарб Касцёла Кажучы пра клопат Касцёла пра ўбогіх, іерарх зазначыў, што нават у часы самых жорсткіх пераследаў хрысціяне не занядбоўвалі гэтае заданне міласэрнасці. У якасці прыкладу біскуп прывёў гісторыю распарадчыка маёмасці рымскага Касцёла святога дыякана Лаўрэнція, які называў бедных скарбам Касцёла.

«Калі яго арыштавалі, улады прасілі выдаць ім скарбы, якімі Касцёл нібыта валодаў. Святы Лаўрэнцій папрасіў пару дзён часу. У акрэслены дзень ён сабраў перад суддзёю ўсіх беднякоў, якім дапамагалі хрысціяне, і сказаў: “Вось сапраўдны скарб Касцёла”. Разгневаны суддзя загадаў аддаць яго на жудасныя катаванні».

Тэкст гаміліі цалкам тут››

Біскуп нагадаў, што служэнне міласэрнасці развівалася з даўніх часоў. Так, адным з рашэнняў Нікейскага Сабору 325 г. быў заклік свецкіх і духоўных асобаў да стварэння прытулкаў для ўбогіх.

Сучасны чалавек, як грыбнік, які заблукаў «Вялікую ролю адыгралі ў гэтым пытанні манахі, якія неслі суцяшэнне і дапамогу хворым і бедным людзям. У якасці класічнага прыкладу можна прыгадаць постаць святога Марціна Турскага, легіянера з часоў Рымскай імперыі, які падзяліўся з убогім сваім плашчом, калі ўбачыў, як той пакутуе ад холаду», — азначыў іерарх.

Біскуп параўнаў сучаснага чалавека да грыбніка, які пайшоў у лес збіраць грыбы, але глядзіць толькі сабе пад ногі, не звяртаючы ўвагі на знешнія арыенціры, і ў выніку доўга блукае.

«Сучасны чалавек можа быць так прывязаны позіркам да зямлі, што не паглядзіць у вышыню, каб навязаць адносіны з Богам. Чалавек можа не заўважыць нават братоў і сясцёр вакол сябе, якіх калісьці давядзецца пакінуць, таму што Пан пакліча ў вечнасць».

З нагоды пяцігоддзя дзейнасці Дома міласэрнасці біскуп Пінскі падзякаваў усім, хто паспрыяў узнікненню гэтага дома:

«Дзякую ўсім вам — кіраўніцтву і персаналу гэтай установы, кусташу санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся ксяндзу Тадэвушу Шэшку FDP за пастырскі клопат, ахвярадаўцам, часта ананімным, намаганнямі якіх гэтая справа трывае. Але па-сапраўднаму адудзячыць можа толькі Бог, які адзін ведае глыбіню чалавечага сэрца і ўзнагароджвае спаўна. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». Няхай жа Божая любоў дапоўніць нашу людскую падзяку».

Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў Дому міласэрнасці цеплыні і духоўнай моцы:

«Няхай у гэтым доме будзе заўсёды цёпла. Цёпла ў фізічным і духоўным сэнсе. Няхай цеплыня любові разаграе змучаныя сэрцы. Няхай тут ніколі не заканчваецца час Божай міласэрнасці!»

Міласэрнасць — ад слова да справы

Пасля святой Імшы адбылася працэсія з фігурай Маці Божага Провіду з санктуарыя ў Дом міласэрнасці ў Лагішыне. Малітоўнае шэсце ішло вуліцамі Камсамольскай, Леніна, Дзяржынскага — сімвалічнае сведчанне аб тым, што вера — па-за часам.

 

У Доме міласэрнасці для прысутных быў арганізаваны адмысловы канцэрт, на якім акрамя святароў і вернікаў прысутнічалі і пастаяльцы Дома міласэрнасці.

 

У іх вачах можна было ўбачыць як радасць, так і смутак: большасць з тых, хто жыве ў Доме міласэрнасці сёння, — адзінокія бабулі і дзядулі. 

Дом міласэрнасці адкрыты для ўсіх «У Беларусі ў агульнай колькасці сёння каля 70 дзяржаўных дамоў-інтэрнатаў для пажылых людзей. Справа такога служэння ў краіне яшчэ дастаткова маладая, — адзначыў дырэктар Дома міласэрнасці Аляксандр Фядковіч. — Кожны пяты жыхар краіны — у пажылым узросце. І пераважная большасць такіх людзей мае патрэбу ў даглядзе».


На фота: дырэктар Дома міласэрнасці Аляксандр Фядковіч і каардынатар Дома кс. Тадэвуш Шэшка FDP

Будынкі Дома міласэрнасці абсталяваны ўсім неабходным для грамадскага карыстання, адпавядаючы санітарна-гігіенічным нормам, пажарным патрабаванням, а таксама нормам бяспекі працы і тэхнікі.



Кожны тыдзень у Дом міласэрнасці прыходзяць валанцёры з ліку вучняў мясцовай школы, якім вельмі рады насельнікі. Час ад часу з канцэртнай праграмай сюды прыязджаюць прастаўнікі мясцовых цэнтраў культуры.

Карысная інфармацыя:

Дом міласэрнасці, вул. Тамілава, 15
225740 г.п. Лагішын 
тэл.: 8 0165 314221

Разліковы рахунак:
3015521795017 Приорбанк ААТ. 
ЦБУ 506 г. Пинск, ул. Ленина, 7 код 749

УНН 2910227335

«Дзверы нашага каталіцкага Дома міласэрнасці адкрыты для ўсіх людзей пажылога ўзросту незалежна ад таго, жывуць яны ў Беларусі ці за межамі краіны, пры ўмове, што ў іх ёсць беларускае грамадзянства. Наш дом міласэрнасці не глядзіць на веравызнанне і бярэ пад сваю апеку тых, хто мае ў гэтым патрэбу», — дадае Аляксандр Фядковіч.

На сёння ў прытулку для пажылых людзей жывуць 44 чалавекі, прычым яшчэ 115 стаяць у чарзе. 

Нягледзячы на афіцыйны статус і пяцігадовую гісторыю, установа і да сёння ўтрымліваецца выключна за ахвяраванні вернікаў.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.