Дабрачынная каталіцкай місія «Карытас-Міласэрнасць» пачала арганізацыю дзённага прабывання для групы моладзі і дарослых, якія маюць абмежаванні, у «Гомельскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця».
На сёння арганізавана магчымасць дзённага прабывання для 14 чалавек. Пра гэта са спасылкай на katolik-gomel.by паведамляе caritas.by.
Галоўная мэта такой ініцыятывы — паляпшэнне якасці жыцця маладых і дарослых людзей з абмежаваннямі, дзякуючы інтэграцыі ў грамадства. Як патлумачылі ў «Карытас», у групу дзённага прабывання былі запрошаныя дарослыя вазочнікі, таму што часта яны пазбаўлены магчымасці свабодна ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця разам з іншымі.
«Калі мы толькі пачыналі знаёміцца з нашай моладдзю з абмежаваннямі і закранулі гэтае пытанне глыбей, то перад намі адкрыліся ўсе нюансы і пытанні, і мы ўбачылі, колькі трэба перагледзець і арганізаваць, каб было магчымым гэтае прабыванне ў Дзіцячай вёсцы дарослых з абмежаваннямі. Гэта зусім іншы
свет, які быў адкрыты знутры, — расказалі ў «Карытас-Міласэрнасць». — У першы раз з дзецьмі прыехалі некаторыя бацькі, каб паглядзець, куды едуць іх дарослыя дзеці, што будуць рабіць. Пасля сустрэчы ўсе бацькі былі вельмі радыя і казалі, што неабходна развіваць гэтую ідэю, што гэта сапраўды важна і неабходна для іх дзяцей».
Першая сустрэча адбылася 12 лістапада. Падчас дзённага прабывання для дарослых і моладзі з абмежаваннямі былі арганізаваны заняткі па працатэрапіі, якія праводзіў спецыяліст-дэфектолаг. На занятках моладзь развівае мелкую маторыку. Таксама арганізавана праца псіхолага і камп’ютарныя курсы, якімі кіруе валанцёр — мужчына-вазочнік.
«Карытас-Міласэрнасць» дзякуе ўсім валанцёрам і адміністрацыі Дзіцячай вёскі за клопат і дапамогу.
Паводле caritas.by (IL)
|