Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Каб усе былі адно»: у Баранавічах прайшоў VI фестываль хрысціянскай музыкі (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
14.02.2017 11:58

Традыцыйны музычны марафон «Дастукацца да нябёсаў» прайшоў у Баранавічах 11 лютага. Сёлетні фестываль меў шмат адметнасцяў і сюрпрызаў для ўсіх удзельнікаў і, канешне ж, падарыў чатыры гадзіны хрысціянскай музыкі розных накірункаў.


«ДДН» — гэта ўжо сапраўдны «Баранавіцкі брэнд». Вось ужо чацвёрты раз сюды з усёй Беларусі з’язджаюцца хрысціянскія музычныя гурты, каб сваёй музыкай праславіць Бога і аб’яднаць хрысціян розных канфесій.

Дэвізам фэсту сталі словы са Святога Пісання: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Менавіта прачытаннем гэтага ўрыўка з Евангелля распачаўся чатырохгадзінны музычны марафон. Паказальна таксама, што фестываль адзначаецца ўхілам на малітву і праслаўленне Бога.

Сёлета на сцэне ў Баранавічах выступілі ў асноўным каталіцкія калектывы: семінарыйныя гурты «Подых Духа» і «Ave», моладзевы рух Гродзенскай дыяцэзіі «OPEN», салезіянскі гурт «Небасхіл», а таксама евангелізацыйныя праекты «Рыбы» і «Step Project».


Прывітаў удзельнікаў музычнага марафону рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка, а адкрыўся канцэрт супольнай малітвай.

Гурт гродзенскай семінарыі «Ave» распачаў фестываль. Класічны рытм барабанаў у спалучэнні з гукамі электра і бас-гітары надавалі кампазіцыям свой асаблівы каларыт, а вакал і клавішы дадавалі песням гурта мяккасці і лірызму.

Каманда пінскай семінарыі «Подых Духа» парадавала залу не толькі сваімі вядомымі хітамі, але і кампазіцыямі, якія ўжо даўно не выконваліся на вялікай сцэне.

Семінарыйныя калектывы таксама заклікалі моладзь не баяцца адказаць Богу «так» на пакліканне да святарскага або манаскага жыцця і пайсці гэтым шляхам служэння без страху і сумнення.

Музыкі з салезіянскага гурта «Небасхіл» «запалілі» ўдзельнікаў фэсту крутымі драм-партыямі і элетра-запіламі, якія гучалі ў аўтарскіх кампазіцыях, а таксама ў класічных песнях з пілігрымак, сярод якіх, напрыклад, хіт «Вольная воля».


Упершыню на фестывалі выступіў моладзевы гурт Гродзенскай дыяцэзіі «Open», які, аднак, як адзначыў духоўны кіраўнік праекта кс. Антоні Грэмза, складаецца з прадстаўнікоў розных дыяцэзій.

«Няхай праз спевы нашага гурта Бог натхняе ўсіх адважна крочыць да Езуса, які з’яўляецца нашым Госпадам», — пажадаў усім удзельнікам фэсту ксёндз Антоні.

Навічкамі ў музычным марафоне таксама былі евангелізацыйныя праекты «Рыбы» і «Step Project».

Заўжды стылёвыя і сучасныя «Рыбы» адыгралі некалькі кампазіцый са свайго новага альбома, а таксама наладзілі невялікую малітву праслаўлення ў музычным суправаджэнні. Варта адзначыць, што гурт паступова пашыраецца, і на фестывалі выступіла новая ўдзельніца праекта — вакалістка Гелена Грамыка.


Завяршэннем марафону стала выступленне новага музычнага праекта Пінскай дыяцэзіі «Step Project». Гурт складаецца з моладзі з Брэста, Кобрына і Баранавічаў і таксама адметны сваім міжканфесійным складам. Яго ўдзельнікі — гэта католікі, пратэстанты і праваслаўныя. Але гэты факт, як распавялі музыкі, ніяк не перашкаджае «добра праводзіць вольны час і выступаць разам на шматлікіх канцэртах».

Пацвярджэннем гэтаму стала выкананне разам са сваім духоўным кіраўніком кс. Аляксандрам Канановічам некалькіх вядомых хрысціянскіх хітоў, а таксама двух сваіх новых сінглаў — «У глыбіні душы» і «А что взамен я?»


Як і любая справа, фестываль хрысціянскай музыкі не праходзіць без малітвы. Менавіта таму VI музычны марафон «Дастукацца да нябёсаў» завяршыўся супольнай малітвай «Ойча наш...». Будзем спадзявацца, што ён стаў яшчэ адной нагодай, каб хрысціяне Беларусі сталі на крок бліжэй да сапраўднага адзінства, да супольнасці, якая не баіцца «штормаў» і перашкод, а мужна вызнае сваю веру.

Марына Валасар,
Фота аўтара


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.