Пінскі музей экспануе унікальны альбом з фотаздымкамі работ Гэлены Скірмунт з помнікамі сакральнага мастацтва |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
15.02.2017 11:50 |
Такіх альбомаў, як піша media-polesye.by, засталося толькі тры ў свеце, пры гэтым пінскі альбом — самы поўны. Гэлена Скірмунт была каталічкай і шэраг яе прац былі прысвечаныя духоўнай тэме.
У ліку прадстаўленых прац сярод іншага — нагрудныя крыжы, замаляваны ёю унутраны дворык францішканскага касцёла ў Пінску, а таксама касцёл Карла Барамея 1868 года.
Малюнак касцёла Карла Барамея ў Пінску 1868 г. «Гэлена рабіла крыжы сама, як нацельныя, так і насценныя. Напрыклад, у касцёле ў Янаве Палескім вісіць метровы крыж яе аўтарства, які скульптар ахвяравала ў гэты касцёл, — распавёў Catholic.by куратар выстаўкі і загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Беларускага Палесся Дзмітрый Казак. — Замаляваны ёю касцёл Карла Барамея ўжо ў той час быў закрыты, таму на малюнку — толькі абрысы святыні». Нагрудны бронзавы крыж 1865 г. Выстаўка прац Гэлены Скірмунт экспануецца ў музеі Беларускага Палесся да 10 сакавіка. Экспазіцыя складаецца з двух частак. Першая — арыгіналы 14 літаграфій Напалеона Орды, зробленыя пры яго жыцці. Другая — альбом фотаздымкаў работ Гэлены Скірмунт.
Як піша media-polesye.by, у творчасці знакамітай ураджэнкі Піншчыны назіралася чатыры накірункі: хрысціянская тэматыка, скульптура, партрэты вядомых людзей таго часу і гісторыя Палесся і ВкЛ. Гэлена Скірмунт (1827-1874) была пляменніцай Напалеона Орды і шмат працавала як скульптар і жывапісец. У 1930-х па ініцыятыве дачкі мастачкі Казіміры Скірмунт быў створаны фотакаталог яе прац, якім займалася фатограф Юзэфа Булчак.
Жанчыны-паляшучкі з-пад Давід-Гарадка, 1855 г. Паводле слоў Дзмітрыя Казака, сёння вядома толькі пра тры экземпляры такога фотакаталога: у Пінску, у Вільнюсе і ва Уроцлаве.
Гісторык дадаў, што беларускі экземпляр фотаальбома музейшчыкі выявілі ў сваіх фондах выпадкова. Гэта адбылося ў 1999 годзе падчас пераезду ў новы будынак. |