У Лагішыне адзначылі 20-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Каралевы Палесся |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
11.05.2017 10:15 |
Урачыстасці з нагоды 20-й гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай і ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Палесся адзначылі 9 мая ў Лагішыне. 20 гадоў таму, 10 мая 1997 года, цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя ў Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час быў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. Яшчэ адзін юбілей прыпаў на сёлетнія ўрачыстасці — 25 гадоў таму пасля некалькіх дзесяцігоддзяў вымушанага атэізмам перапынку была адноўлена пешая пілігрымка з Пінска ў Лагішын. Сёлетняя майская ўрачыстасць у Лагішыне сабрала каля цудадзейнага абраза Панны Марыі святароў, дыяканаў, семінарыстаў і шматлікіх вернікаў — мясцовых парафіянаў і пілігрымаў. «Нашае жыццё з’яўляецца доўгім шляхам пілігрыма. На гэтым шляху мы сустракаемся з рознымі выпрабаваннямі. Аднак Езус заўсёды побач. Ён кажа нам: не бойцеся, Я з вамі. І Марыя заўсёды нам кажа: зрабіце ўсё, што Ён вам загадае. Такому стану рэчаў вучыць нас пілігрымка. Вучыць нас веры і адчуванню блізкасці Бога», — сказаў іерарх. «Кожнаму з нас неабходна сардэчнае сяброўства з Езусам і Марыяй. І тады мы будзем добрымі апосталамі ў сучасным свеце. Каля абраза Маці Божай Каралевы Палесся памолімся, каб у адносінах да блізкіх асоб і кожнага чалавека, якога сустрэнем, мы былі вернымі сведкамі Божай праўды пра чалавека і Божай любові да чалавека», — заклікаў біскуп. Аднаўленне абяцанняў Сённяшні ахоўнік санктуарыя, кс. Тадэвуш Шэшка FDP, урачыста абяцаў берагчы святыню Каралевы Палесся, клапаціцца пра цудадзейны абраз, атачаць пашанаю Найсвяцейшую Панну Марыю і нястомна пашыраць яе культ, даючы сведчанне пра цуды і навяртанні, якія адбываюцца праз заступнітцва Багародзіцы. Пасля аднаўленняў абяцанняў кусташам прысутныя даверылі сябе ў малітве апецы Маці Божай, абяцаючы наследаваць яе і з яе дапамогай нястомна ісці шляхам нашага Збаўцы Езуса Хрыста. |
Фотарэпартаж |