Новы святар у Пінскай дыяцэзі: дыякан Антон Анціпенка прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
12.06.2017 17:47 |
10 чэрвеня ў пінскай катэдры дыякан Антон Анціпенка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра.
Гэта быў першы сакрамэнт святарства, які іерарх удзяліў як Апостальскі Нунцый. Ва ўрачыстай св. Імшы прымалі ўдзел біскупы Пінскай дыяцэзіі, духавенства, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі з розных парафій, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады. «Памятай, што ты атрымаў бязмежны дар...» «Дарагі Антоній, сёння праз ускладанне рук і малітву ты атрымаў ад Бога бязмежны дар — дар святарства, праз які станеш спадкаемцам апостальскага служэння», — звярнуўся Апостальскі Нунцый да новапрэзбітэра.
«Кожнае прэзбітэрскае пасвячэнне — радасць для Касцёла ад таго, што новыя пакліканыя Богам працаўнікі выходзяць на ніву Пана», — адзначыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Няхай чарговае прэзбітэрскае пасвячэнне ў Пінскай дыяцэзіі стане новым зачынам для адкрыцця дару і таямніцы святарства шматлікімі маладымі сэрцамі юнакоў, якія пакінуць свае дамы, заняткі і працу, каб прысвяціць сябе служэнню Богу», — зазначыў біскуп.
Антон Анціпенка нарадзіўся 6 кастрычніка 1984 г. у Краснаполлі на Магілёўшчыне. Вырас у Новай Мышы (Баранавіцкі раён), дзе скончыў сярэднюю школу. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у Седльцах (Польшча), а пасля ў Мінску. У 2010 г. паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, якую скончыў у 2017 г.
|
Фотарэпартаж |