Заглянуць глыбей у праблему апладнення in vitro |
Біяэтыка.Старонка кс. Алега Кудэркі |
19.05.2011 13:34 |
Ад гэтай тэндэнцыі адназначна адрозніваецца незалежнае меркаванне Каталіцкага Касцёла, які лічыць, што асноўны канон этычных каштоўнасцяў не патрабуе грамадскай акцэптацыі. Гэта датычыць таксама жыццёвых каштоўнасцяў, якія часта з’яўляюцца прадметам спрэчак у сучасным грамадстве. Касцёл жа, які абараняе жыццё чалавека і супраціўляецца шырокадасягальным абортам і апладненню in vitro, часта падвяргаецца крытыцы ліберальных колаў. 27 красавіка Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу ў першым чытанні прыняла законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і прававых гарантыях грамадзян пры іх выкарыстанні. Несумненна, бясплоднасць і бяздзетнасць — гэта адны з самых складаных праблем. Не без падстаў кажуць, што нараджэнне дзіцяці робіць сям’ю сапраўднай. Тым часам статыстыка паказвае, што ўсё больш сем’яў не можа мець дзяцей у сувязі з хваробамі, следствам якіх стала бясплоднасць. На першы погляд пазіцыя Каталікага Касцёла можа здацца дзіўнай, бо ён, з аднаго боку, заклікае да пракрэацыі, а з іншага — крытычна ставіцца да штучнага апладнення. Касцёл вучыць аб годнасці чалавечага жыцця ад моманту зачацця і ўказвае, што яно з’яўляецца дарам, а сужэнцы і вучоныя павінны лічыць сябе слугамі, а не ўладарамі жыцця. Штучнае апладненне аддзяляе працэс перадачы жыцця ад сужэнскага акту. Працэс апладнення in vitro вядзе да прадметных адносін да жыцця атрыманых эмбрыёнаў (дзеля павялічэння шансаў на цяжарнасць і нараджэнне дзіцяці апладняецца вялікая колькасць яйцаклетак). У выніку з атрыманых эмбрыёнаў звычайна выбіраюцца лепшыя, а астатнія знішчаюцца (забіваюцца) або замарожваюцца. Не з’яўляецца адкрыццём, што забойства — гэта зло, а жыццё, якое зараджаецца, — гэта дабро. Ці можна за кошт зла атрымаць дабро? Забіць 8–10 ненароджаных дзяцей дзеля аднаго? Касцёл заўсёды вучыў, што жыццё пачынаецца ад зачацця і завяршаецца натуральнай смерцю. Агульная рэзультатыўнасць тэхнікі in vitro вельмі нізкая. Прывяду некаторыя лічбы, якія адлюстроўваюць колькасць дзяцей, народжаных у выніку штучнага апладнення in vitro: М. Відаль кажа пра 20%, П. Красігнані — 10–15%, М. Вігналі — 12,5%, А. Спаньёла — 10–13%, П. Коннар — 10%. Спаньёла таксама падкрэслівае, што з гэтых дзяцей, якія прыйшлі ў свет дзякуючы in vitro, толькі 4–5% нарадзіліся здаровымі. Гэта азначае, што ў сярэднім пры максімальнай рэзультатыўнасці штучнага апладнення in vitro 80 са 100 дзяцей гіне (A. Spagnolo, Bioetica nella ricerca e nella prassi medica, Torino 1997, s. 484). Акрамя гэтага, у выніку штучнага апладнення можа адбывацца выкідыш, пазаматачная цяжарнасць, дачасныя роды або іншыя ўскладненні. Касцёл ні ў якім разе не жадае абразіць тых, хто перажывае драму бясплоднасці, прычыны якой розныя і часта не з’яўляюцца віной сужэнцаў. Аднак ёсць неадзінкавыя выпадкі, калі прычынай бясплоднасці з’яўляецца зроблены аборт або прыманне гарманальных кантрацэптываў. Якою ж важнаю ў такіх выпадках з’яўляецца адказнасць за здароўе і плоднасць свайго арганізму і якімі непадатлівымі з’яўляюцца часам законы прыроды. Кс. Алег Кудэрка |