Усынаўленне — адна з форм абароны жыцця |
Біяэтыка.Старонка кс. Алега Кудэркі |
26.05.2011 12:24 |
Мы жывем у складаныя часы. Асабліва для веруючых людзей сучасная эпоха, якая называецца постмадэрнісцкай, з’яўляецца часам вялікіх выпрабаванняў. Сёння чалавек пастаянна атакуе фразамі тыпу: «вучэнне Касцёла састарэла», «Касцёл жадае навязаць іншым сваю ідэалогію, лезе не ў свае справы». Пад ціскам такіх меркаванняў хрысціянін можа лёгка адкінуць праўду Хрыста на карысць так званага сучаснага гуманізму, які абсалютызуе чалавечую свабоду і робіць з чалавека інстанцыю, якая можа вырашаць, што з’яўляецца праўдай і дабром. Перад такімі выпрабаваннямі сёння стаяць і беларускія хрысціяне. Адно з іх — метад in vitro і яго легалізацыя дзяржавай. Вучэнне Касцёла адносна пытання ненароджаных дзяцей вельмі выразнае і зразумелае. Аб гэтым можна знайсці мноства доказаў у дакументах Апостальскай Сталіцы. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ казаў, што «нацыя, якая забівае сваіх дзяцей, — нацыя без будучыні». Кожны чалавек мае права на жыццё, бяспеку і павагу. Ненароджанае дзіця — гэта таксама чалавек, але пазбаўлены права жыць, бо такі выбар зрабіла яго маці. Узнікае пытанне: ці ёсць выбар у дзіцяці? НЕ, калі маці вырашыць іначай. Новае жыццё — дар Бога. Толькі Бог можа распараджацца жыццём і смерцю. Нельга ставіць сябе на месца Стварыцеля ў імя свабоды выбару забойства, сцвярджаючы, што зачатае жыццё — гэта не чалавек. Закон павінен абараняць жыццё, асабліва тых, хто не можа сябе абараніць. У артыкуле «Заглянуць глыбей у праблему in vitro» ужо адзначалася, што пры апладненні in vitro забіваецца ад 6 да 10 эмбрыёнаў. Хрысціяне, як людзі веруючыя, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб абараніць жыццё безабаронных і не ўдзельнічаць у будаванні цывілізацыі смерці. Езус Хрыстус, каб збавіць чалавека, стаў чалавекам. Такім чынам, Ён, як ніхто іншы, зведаў цяжар працы і нягоды чалавечага жыцця. У той жа час сваёю боскай прысутнасцю на зямлі і сваёю збаўчай ахвярай Езус асвяціў кожнае чалавечае жыццё. Калі сам Бог у Езусе Хрысце не пабаяўся прыняць людскую натуру і жыць як чалавек, значыць кожнае чалавечае жыццё — непарушнае і святое. Існуе шмат форм абароны і клопату аб жыцці. Адна з іх — усынаўленне. Усынаўленне было вядома са старажытнасці. У Грэцыі і Рыме існавалі законы, якія рэгулявалі ўсынаўленне. Асабліва ўсынаўлялі хлопчыкаў (дзеля захавання роду і культу продкаў). У сярэднявеччы справамі ўсынаўлення займаўся Касцёл. Першыя запісы аб такой працэдуры адносяцца да ІХ ст. Трэба падкрэсліць, што псіхафізічнае развіццё дзяцей, пазбаўленых апекі, знаходзіцца пад пагрозай, бо яны не ведаюць матчынай і бацькоўскай любові. Замест неабходнай любові і цяпла бацькоўскага дома яны перажываюць вялікі дэфіцыт любові і пазітыўных эмоцый. Менавіта тады ў асобе могуць з’явіцца розныя неадваротныя расстройствы, якія адаб’юцца на іх жыцці, не выключаючы сужэнства і выхавання ў будучым іх патомства. Таму ўсынаўленне — не толькі тымі, хто не можа мець дзяцей, але і тымі, хто іх мае, — з’яўляецца і выратаваннем псіхікі дзіцяці, і спробай сфарміраваць яго асобу. Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што ўсынаўленне пакінутых дзяцей з’яўляецца першай і прывілеяванай формай сямейнага апостальства свецкіх людзей (Apostolicam actuositatem, 11), бо ідэя ўсынаўлення асноўваецца на тым, што паміж усынавіцелем і ўсынаўляемым нараджаецца такая ж сувязь, як паміж бацькамі і біялагічным дзіцём. Касцёл усё часцей кажа пра ўсынаўленне. Падчас V Сусветнай сустрэчы сем’яў у Валенсіі (Іспанія) Бэнэдыкт XVI, заклікаючы сем’і да ўсынаўлення дзяцей, падкрэсліў роўнасць і годнасць біялагічных і ўсыноўленых дзяцей. Сіла любові ў сям’і, якая ўсынаўляе, можа быць большая, чым у нармальнай сям’і. Бацькі, якія ўсынавілі сваё дзіця павінны прысвяціць яму ўсё сваё жыццё. Таму ўсынаўленне ў іерархіі добрых учынкаў і каштоўнасцяў займае вышэйшую прыступку. Сям’я забяспечвае дзіця любоўю, клопатам, фарміруе яго як асобу, выхоўвае і падрыхтоўвае да самастойнага жыцця. Дзіця ж, калі стане самастойным, будзе абавязана дапамагаць сваім бацькам, бо атрымала ад іх бескарыслівы дар любові і выхавання, за што павінна быць удзячным. Кс. Алег Кудэрка |