Копія Турынскай Плашчаніцы пабывае ва ўсіх найбуйнешых парафіях Віцебскай дыяцэзіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
10.09.2010 17:16 |
У чэрвені 2010 года ў Віцебскай дыяцэзіі распачалася чарговая малітоўная акцыя, якая ахоплівае большасць парафій і мае на мэце ўмацаванне веры мясцовых католікаў і ўсіх людзей добрай волі. Ініцыятарам малітоўнай акцыі стаў кс. Дзмітрый Іваноў, які выказаў жаданне прывезці копію Турынскай Плашчаніцы ў парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Сянне (Аршанскі дэканат), дзе на дадзеным этапе нясе сваё служэнне. Па словах кс. Дзмітрыя Іванова, дадзенае душпастырскае мерапрыемства мае таксама экуменічны характар, бо часта ўшанаваць копію рэліквіі прыходзяць таксама праваслаўныя вернікі. Парафія, якая прымае копію Турынскай Плашчаніцы, рыхтуе малітоўную праграму, што ўключае не толькі святыя Імшы, але і пакутныя набажэнствы, адарацыю, індывідуальную малітву. Часам па запрашэнні святароў у парафію прыбывае кс. Дзмітрый Іваноў, каб прамовіць гамілію і распавесці аб гісторыі рэліквіі. За час перэгрынацыі копіі Турынскай Плашчаніцы па Віцебскай дыяцэзіі рэліквія пабывала ў парафіях у Віцебску, Оршы, Сянно, Талачыне, Чашніках, Навалукомлі, Лепелі, Ушачах. На сённяшні дзень рэліквія знаходзіцца ў Полацку, адкуль яна накіруецца ў Дзісну, затым — у Верхнядзвінск, Росіцу, Мёры, Ідолту, Павяцце, Шаркаўшчыну і іншыя парафіі дыяцэзіі. Плануецца, што саван пабывае ва ўсіх найбуйнейшых парафіях дыяцэзіі. Аднак, як адзначыў кс. Дзмітрый Іваноў, не абміне таксама ніводнай парафіі, якая пажадае прыняць у сябе копію рэліквіі.
|