У Віцебскай дыяцэзіі распачалася перэгрынацыя копіі Турынскай Плашчаніцы |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
21.06.2010 13:08 |
20 чэрвеня 2010 г. Віцебск сустракаў копію Турынскай Плашчаніцы, каб распачаць перэгрынацыю рэліквіі па найбуйнейшых парафіях дыяцэзіі. У свеце існуе 7 поўнамаштабных копій Турынскага савана, адна з якіх з 2002 г. знаходзіцца у Беларусі ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены. Ва ўрачыстай працэсіі копію Плашчаніцы пранеслі па вуліцах Віцебска да касцёла Езуса Міласэрнага. На прыступках святыні рэліквію сустракалі святары і вернікі. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Літургію канцэлебравалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Сяргей Гаек, святары Віцебскай дыяцэзіі. Ва ўрачыстым распачацці перэгрынацыі копіі Турынскай Плашчаніцы таксама прымалі ўдзел сёстры законныя, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, сродкаў масавай інфармацыі, шматлікія госці і вернікі Віцебска. Гамілію прамовіў пробашч мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, які ўказаў на некалькі аспектаў значэння Турынскай Плашчаніцы, падкрэсліўшы яе духоўную каштоўнасць для хрысціянаў свету. Святар прывёў гістарычные звесткі і коратка распавёў аб навуковых даследаваннях, якія вядуцца і па сённяшні дзень. Пасля Эўхарыстыі выступілі парафіяльныя хары Чырвонага касцёла «Голас душы» і «Арханёл». Магчымасць дакрануцца да копіі савана ў жыхароў Віцебска будзе да 3 ліпеня. У касцёле Езуса Міласэрнага можна будзе таксама даведацца аб гісторыі рэліквіі і пазнаёміцца з даследаваннямі, якія вядуцца вакол яе. У гэту віцебскую святыню і ў бібліятэкі горада перададзены кнігі аб цудоўным нерукатворным напаміне аб існаванні Езуса Хрыста. Ала Невяровіч |
Фотарэпартаж |