123-ю гадавіну нараджэння святара-паэта Канстанціна Стэповіча адзначылі ў Камаях |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
27.02.2013 16:15 |
У гэты дзень парафіяне і шматлікія госці сабраліся ўшанаваць 123-ю гадавіну нараджэння кс. Канстанціна Стэповіча, рэлігійнага і культурна-асветніцкага дзеяча, паэта і публіцыста, які пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк.
Ксёндз Канстанцін Стэповіч нарадзіўся 19 лютага 1890 года на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны ў вёсцы Барані клюшчанскай парафіі. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Падчас навучання захварэў на сухоты. Ад таго часу вымушаны быў рэгулярна выязджаць на лячэнне ў Закапанэ. Сакрамэнт святарства, які ўдзяліў яму біскуп Цепляк, дыякан Канстанцін Стэповіч прыняў у Пецярбургу ў 1915 годзе. Душпастырскую дзейнасць ксёндз Стэповіч пачаў у якасці вікарыя ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Свянцянскага павета 3 жніўня 1915 года. Але праз месяц Камаі былі акупаваны нямецкімі войскамі, і малады святар быў вымушаны вярнуцца ў сваю родную клюшчанскую парафію, дзе правёў год. Тут ён арганізаваў актыўнае рэлігійнае і культурна-грамадскае жыццё парафіі — пачаў ужываць беларускую мову ў пропаведзях, арганізаваў касцёльны хор, які спяваў не толькі рэлігійныя, але і беларускія народныя песні. З гэтага хору паўстаў гурток беларускай моладзі «Хаўрус Сваякоў», які ладзіў лекцыі, арганізоўваў літаратурныя вечары з беларускімі дэкламацыямі. Узімку 1915 года ксёндз Стэповіч арганізаваў настаўніцкія беларускія курсы, дзякуючы чаму ў 1916 годзе ў клюшчанскай парафіі былі адкрыты сем беларускіх школ. Напрыканцы 1916 г. ксёндз Стэповіч быў пераведзены на пасаду вікарыя ў парафію Знаходжання і Узвышэння Святога Крыжа ў в. Карыцін Сакольскага павета. У Карыціне ён таксама пашыраў беларускую культурную дзейнасць, але сутыкаўся з непрыхільнасцю колаў, варожых беларусізацыі Касцёла. У 1920 годзе ксёндз Стэповіч быў прызначаны сталым пробашчам у парафію Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Засвір Свянцянскага павета, дзе і пражыў астатнія гады свайго нядоўгага жыцця, выязджаючы штозіму на лячэнне ў Закапанэ. Гады ў Засвіры былі найбольш плённымі ў яго нацыянальна-рэлігійнай і літаратурнай дзейнасці. Пачынаючы з 1919 года, паэт-святар актыўна друкаваўся ў беларускіх выданнях. У 1924 годзе ў Вільні пабачыў свет яго адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі «Мая ліра». У 1925 ксёндз Стэповіч падрыхтаваў малітоўнік для беларусаў-католікаў «Голас душы», надрукаваны па-беларуску лацініцай, які выйшаў у Вільні ў 1926 годзе. Казімір Сваяк таксама з’яўляецца аўтарам апавяданняў, эсэ, філасофскіх эцюдаў, гумарэсак, драматургічных твораў, публіцыстычных артыкулаў рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зместу. Пасля смерці святара-паэта быў выдадзены яго філасофскі дзённік «Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі». Трэба адзначыць, што за сваю дзейнасць, у прыватнасці за казанні на беларускай мове, святар пастаянна падвяргаўся пераследам. Памёр святар 6 мая 1926 года ў Вільні, дзе і быў пахаваны. Нягледзячы на тое, што ў Камаях ксёндз Стэповіч працаваў нядоўгі час, тым не менш менавіта ў гэтай парафіі, дзякуючы яе пробашчу ксяндзу Яцаку Гутману, памяць пра святара ўшаноўваецца асаблівым чынам. Па традыцыі, у Камаях ужо на працягу некалькіх гадоў адбываецца імпрэза на дзень нараджэння ксяндза Стэповіча.
Галоўным цэлебрантам святой Імшы 24 лютага быў вікарый пастаўскай парафіі ксёндз Даніла Мыслянцаў, канцэлебраваў пробашч парафіі кс. Яцак Гутман. Падчас казання ксёндз Мыслянцаў адзначыў, што ён прамаўляе з таго ж месца, дзе калісьці прамаўляў выбітны святар і паэт кс. Стэповіч, які для кожнага павінен быць прыкладам любові да Бога і Радзімы. «Не рань свайго сэрца, не бойся нікога, усё прамінае. Усе, апроч Бога», — працытаваў святар радкі з верша Казіміра Сваяка. «У сваіх творах ён падкрэсліваў, што Бог павінен стаяць на першым месцы. І як казаў святы Аўгустын, калі Бог на першым месцы, тады і рэшта на сваіх месцах. І калі нехта не шануе сваю радзіму, сваю культуру і мову, значыць нешта не ў парадку ў ягоным духоўным свеце. Бойся такога чалавека. Бо той, хто мае непарадак у сваёй душы, пераносіць гэта і на свайго бліжняга. Калі ж чалавек святы, калі мае Бога на першым месцы, ад яго ідзе святло Хрыстовае, ён дапамагае наблізіцца да Бога іншым людзям», — дадаў ксёндз Мыслянцаў. З нагоды Вялікага посту святар нагадаў, што вера без учынкаў мёртвая, і прачытаў верш Казіміра Сваяка «Ксяндзам беларусам»: Адважным будзь, бо ты слуга Хрыстовы... І сам сябе ты не забудзь ніколі, Загадку быту лёгка ты развяжаш, «Каталіцкі Касцёл вельмі выразна падкрэслівае вартасць культуры кожнага народа… Межы культуры — гэта межы дзесяці запаведзяў, пра што Казімір Сваяк сведчыў у сваіх творах. Калі ж чалавек перакрочвае гэтыя межы, то культура займаецца разбурэннем асобы, — працягваў кс. Мыслянцаў. — Мова — гэта не толькі сродак камунікацыі... Мова — гэта малітва… Шануйма тое, што дае нам Бог і таму дзякуем за тыя духоўныя скарбы, якім з’яўляецца нашая мова і культура».
Распачала яе Іяланта Валуевіч з в. Спонды, крэўная ксяндза Стэповіча. Яна выказала радасць, што святую Імшу у тым касцёле, дзе некалі пачынаў працаваць ксёндз Стэповіч, цэлебраваў яго духоўны пераемнік, «які падхапіў паходню духоўнае асветы», — кс. Даніла Мыслянцаў. «Як жа, напэўна, цешыцца душа Сваяка, што справа яго жыцця працягваецца, што яна падхоплена маладымі, дужымі рукамі», — адзначыла спадарыня Валуевіч, падзякаваўшы таксама камайскаму пробашчу кс. Яцаку Гутману за клопат пра захаванне памяці Казіміра Сваяка не толькі ў Камаях, але і на Астравеччыне. Краязнаўца Алесь Юркойць з в. Варняны падарыў кс. Данілу Мыслянцаву «Выбраныя творы» Казіміра Сваяка і пры гэтым адзначыў: «Казіміра Сваяка больш асацыююць як чалавека культуры, як паэта, але дзякуючы з’яўленню яго духоўных паслядоўнікаў мы разумеем яго і як святара». У гонар святара-паэта дэкламаваліся яго вершы, гучалі вершаваныя радкі нашых сучаснікаў і спевы сталічнага гурта «Балцкі субстрат» на словы Казіміра Сваяка. Некалькі песень праспявала паэтка і выканаўца ўласных песень Людміла Кухарэвіч. Кацярына Лаўрыненка |
Фотарэпартаж |