Cтарыя габрэйскія могілкі ў Камаях добраўпарадкавалі жыхары мястэчка і мясцовыя католікі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
13.09.2012 11:01 |
Яшчэ ў 1997 годзе ўраджэнец Камаяў доктар Юрый Гарбінскі неаднаразова звяртаўся да мясцовых і раённых уладаў з просьбамі дапамагчы добраўпарадкаваць габрэйскія могілкі. Аднак справа зрушылася толькі пасля таго, калі ў яе ўключыўся новапрызначаны 10 гадоў таму ў камайскую парафію кс. Яцэк Хутман. Дзейсную падтрымку пры аднаўленні габрэйскіх могілак аказала кіраўніцтва мясцовага саўгаса і Пастаўскае ДРСУ. З мясцовай інтэлігенцыі ўдзел у святкаванні прынялі паэт і краязнавец Ігар Пракаповіч з Паставаў і настаўніца пастаўскай школы № 4 Тамара Храпавіцкая, якая даследуе гісторыю габрэяў Пастаўшчыны. Святкаванне пачалося нядзельнай Імшой, падчас якой прагучала малітва за памерлых і словы падзякі пробашча ўсім, хто на працягу некалькіх гадоў прымаў удзел у аднаўленні старых габрэйскіх могілак. Да сабраных на нядзельную Імшу вернікаў з прывітальным словам звярнуўся адзін з найбольш вядомых у Беларусі габрэйскіх кантараў Анатоль Наліваеў. Горача віталі ў камайскім касцёле беларускага барда Аляксея Жбанава, які выканаў некалькі песень на ідышы. Пасля літургіі ўрачыстасці працягнуліся на адноўленых габрэйскіх могілках. Іх распачалі пранікнёныя словы і малітва рабіна Боруха Астроўскага, пасля якой загучаў рытуальны шофар... А потым над могілкамі паплыў шчымлівы голас габрэйскага кантара... Напрыканцы ўрачыстасцяў ад імя Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, а таксама ад прадстаўніцтва арганізацыі «Джоінт» у Беларусі выступіў старшыня рэспубліканскага фонду «Халакост», дырэктар музея «Гісторыі і культуры габрэяў Беларусі» Вадзім Акапян, які сардэчна прывітаў усіх тых, хто прымаў удзел у аднаўленні габрэйскіх могілак, выказаў ім падзяку і перадаў памятныя падарункі. Вось так жыхары мястэчка Камаі і вернікі мясцовай каталіцкай парафіі на справе паказалі, што беларусы ў сваіх адносінах да іншых народаў усё ж такі далей ад славутай «талерантнасці», а бліжэй да чалавекалюбства. І дзякаваць Богу! Андрэй Каміч |
Фотарэпартаж |