Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша ў велікодную раніцу ў Віцебску: “Нанова адчуць прысутнасць Хрыста”
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.04.2014 10:25

“Хрыстус уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос!” – прагучала ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў велікодную раніцу 20 красавіка на пачатку ўрачыстай святой Імшы.  “Гэтай радаснай навіной распачынаем урачыстую Эўхарыстыю, згадваючы тую вялікую падзею, якая датычыцца нашага збаўлення, – вяртання да жыцця Божага Сына, вяртання да жыцця таксама кожнага з нас, вяртання нашай надзеі, якую сёння дае нам уваскрослы Езус”, - паведаміў біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу.

У гаміліі віцебскі ардынарый, кажучы аб уваскрасенні Хрыста, нагадаў, што “гэтая падзея адкрывае для чалавека цалкам іншую перспектыву і заходзіць далёка за межы нашага зямнога жыцця, таму зразумела, што мы сустракаем гэтую падзею з такой вялікай радасцю”. “Але дзе доказ, што гэта адбылося? – задаў пытанне біскуп і адказаў: - Бог не пакідае нас без такіх знакаў. Першы – гэта нямы сведка ўваскрасення – гроб Езуса Хрыста, сведчанні апосталаў, якія самі перажылі гэтыя падзеі. Але ёсць яшчэ адзін доказ, які мы можам аднесці да нашага часу, можна назваць яго актуальным, - гэта тое, аб чым распавеў бы нам наступны ўрывак сённяшняга Евангелля, калі б мы прачыталі яго далей, – спатканне з Езусам Хрыстом Жывым, якое перажыла Марыя Магдалена. Звярніце ўвагу, паведаміўшы апосталам пра тое, што Езуса ў магіле няма, Марыя Магдалена застаецца там далей. Што яе трымае пры гэтым месцы? Яе трымае моцнае прагненне ўбачыць Езуса, і яна, маючы гэтае вялікае прагненне, атрымлівае гэтую ўзнагароду – сустракае ўваскрослага Езуса Хрыста. І вось ёй ўжо не патрэбны ніякія іншыя знакі, доказы таго, што Езус жыве. Яна хацела Яго бачыць”.

“І гэта тая ўмова, якая адкрывае перад намі вось гэты доказ існавання сёння прысутнасці Жывога Бога – уваскрослага Езуса Хрыста, - дадаў іерарх. - Гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца. І не толькі мы імкнемся збудаваць адносіны з Богам - яшчэ з большым жаданнем нас шукае сам Бог. Перашкодай вельмі часта з’яўляецца нашая абыякавасць, або нашае затрыманне на пэўным узроўні вось гэтага пошуку, прызвычаенне. І вось гэтыя святы, якія мы зноў і зноў перажываем, маюць вельмі важную мэту, заданне - зламаць нашае прызвычаенне да гэтых святых рэчаў. Бо калі чалавек прызвычайваецца, то перастае адчуваць гэтае вялікае здзіўленне, што вось тут, на алтары, зноў да нас прыходзіць Езус. Мы павінны нанова адчуць Ягоную прысутнасць, абудзіць у сабе гэтае вялікае жаданне, з якім Марыя Магдалена стаяла пры Гробе Езуса Хрыста”.

“І гэта тая просьба, з якой мы можам звяртацца да Бога – дапамажы, абудзі ў нас гэтае вялікае прагненне, жаданне Цябе ўбачыць, дай мне гэты голад – голад Бога, голад сустрэчы з уваскрослым Езусам, - падкрэсліў біскуп. - А далей Бог да кожнага з нас мае сваю дарогу, свой спосаб, свае сродкі, каб з намі сустрэцца. І вось тады, калі дакранаемся да Езуса, калі адчуваем, што так, вось Ён тут Жывы, і тады гэта будзе для нас найважнейшым доказам, найважнейшым сведчаннем таго, што тая падзея, якую мы сёння перажываем, з’яўляецца праўдай, гістарычнай праўдай, важнай, але для мяне асабіста, бо Хрыстус уваскрос і адкрыў яе не для ўсіх агулам, але для мяне асабіста, і няхай кожны з нас шчырым сэрцам у гэта паверыць”.

Напрыканцы Імшы маленькія парафіяне касцёла Езуса Міласэрнага прадэманстравалі прысутным велікодны кошык, а  затым патлумачылі значэнне і сімволіку той ежы і рэчаў, якія лічацца велікоднымі, – чырвонага яйка, солі, вады, пасхальнага баранка і зайчыка. Кошык з велікоднымі дарамі маленькія парафіяне падарылі біскупу Алегу Буткевічу.       

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў