Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Буткевіч падчас Імшы Хрызмы ў Віцебску: «Пакліканні нараджаюцца з Божай любові і з’яўляюцца дарам Божай ласкі»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
24.03.2016 18:02

У Вялікі чацвер у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму. Гэтую Імшу канцэлебравалі святары ўсёй дыяцэзіі, выражаючы такім чынам еднасць са сваім ардынарыем.

У гаміліі, кажучы аб сутнасці сакрамэнту святарства, біскуп Віцебскі падкрэсліў, што «мы з’яўляемся святарамі дзякуючы намашчэнню Святым Духам, святарскім народам праз хрост і святарамі праз пасвячэнне з ускладаннем рук.

Вялікі чацвер — гэта вялікі дзень Адзінага і Вечнага Архісвятара будучых дабротаў, Езуса Хрыста, дзень нашага ўдзелу ў Яго святарскім намашчэнні паводле дару ласкі і службы, да якой мы былі пакліканы».

«Трэба, каб мы перасталі прэтэндаваць на асабістае жыццё, але аддавалі яго ў распараджэнне Хрыста»

Іерарх нагадаў, што Папа Рымскі ў сваёй гаміліі падчас святой Імшы Хрызмы калісьці казаў: «Праз хвіліну запытаю кожнага з вас асобна і таксама самога сябе: “Ці хочаш штораз больш цесна яднацца з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром, і разам з Ім самога сябе ахвяраваць Богу, а таксама аднавіць прысягу, з радасцю дадзеную ў дзень пасвячэння?»

Біскуп адзначыў, што ў гэтым пытанне важную ролю адыгрывае патрэба ўнутранай сувязі.

«Каб прыпадобніцца да Хрыста, а разам з гэтым і перакрочыць праз саміх сябе, адрачыся ад таго, што ёсць толькі нашае, трэба, каб кожны з нас перастаў прэтэндаваць на асабістае жыццё, але аддаваў яго ў распараджэнне кагосьці іншага — Хрыста. Каб не пыталі: што буду з гэтага мець?» — патлумачыў іерарх.



Віцебскі ардынарый заклікаў прысутных святароў задумацца над словамі Папы ў гэты асаблівы дзень.

«Алей хрызма... з’яўляецца знакам надзеі і вечнай маладосці Касцёла»
 
Біскуп Віцебскі таксама адзначыў, што «алей хрызма... з’яўляецца для нас знакам надзеі і вечнай маладосці Касцёла, які, пілігрымуючы праз тысячагоддзі сваіх падзей, няспынна ўзрастае да паўнаты Хрыста — сваёй Галавы. Каб гэта было магчыма і далей, мы павінны мець асаблівы клопат пра пакліканні да святарства».



Іерарх нагадаў, што «пакліканні нараджаюцца з Божай любові да нас і з’яўляюцца дарам Божай ласкі», падкрэсліўшы пры гэтым, што «побач з малітвай істотную ролю ў гэтым адыгрывае сведчанне святарскага жыцця, якое можа або дапамагчы маладому хлопцу адказаць “так” на Божы заклік, або пазбавіць ахвоты ўвогуле глядзець у гэтым накірунку».

«Няхай сённяшняя святая Імша Вячэры Пана ў парафіяльных супольнасцях падкрэсліць прыгажосць і ўзнёсласць таго асаблівага Божага паклікання, якім ёсць пакліканне да святарства», — пажадаў віцебскі ардынарый.

«Калі па-сапраўднаму ідзеш за Хрыстом, табе прыйдзецца ісці з Ім да Галготы»

Напрыканцы гаміліі біскуп Віцебскі працытаваў словы вядомага акцёра і рэжысёра Мэла Гібсана, які стварыў знакамітую стужку «Пакуты Хрыстовы». Іерарх заўважыў, што, хоць жыццё гэтага чалавека «не вылучаецца бездакорнасцю», «гэтая акалічнасць, магчыма, здымае пэўны бар’ер ва ўспрыняцці ягоных слоў», якія з’яўляюцца вынікам жыццёвага вопыту, моцна пазначанага Божай прысутнасцю.

«Само па сабе гэтае выказванне хоць і паходзіць ад свецкай асобы, вельмі моцна адпавядае нашаму святарскаму жыццю», — заўважыў іерарх.

«Нельга быць крыху веруючым. Калі ты па-сапраўднаму ідзеш за Хрыстом, то табе прыйдзецца ісці з Ім да Галготы. На гэтым усё трымаецца. Гэта і ёсць вузкая дарога. Зерне павінна загінуць, каб даць плён. А людзі забываюць пра гэта. І я забыў. Зло вельмі прывабнае і падманлівае», — дадаў біскуп.



«Д’ябал выглядае добрым, амаль нармальным, але не цалкам. Менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць зла — узяць штосьці добрае і сказіць яго. І калі ты разумееш гэта, тады бачыш, якая крывавая вайна ідзе паміж дабром і злом, і ты больш не можаш заставацца на ўзбочыне і абмываць рукі. Тады ты пачынаеш бліжэй пазнаваць свайго Бога і табе адкрываецца сапраўдная радасць жыцця», — сказаў віцебскі ардынарый.

Паколькі Імша Хрызма лічыцца адным са знакаў еднасці святароў са сваім біскупам, у гэты дзень святары усёй дыяцэзіі аднавілі свае абяцанні паслухмянасці і пашаны да біскупа, складзеныя падчас прэзбітэрскага пасвячэння.

Падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў алей хворых і кансэкраваў алей хрызма. Напрыканцы біскуп падзякаваў святарам і вернікам за прысутнасць, заклікаўшы вернікаў аб асаблівай малітве за святароў. 

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў