Узнёслае «Аллелюя» як выраз радасці і прывітання ўваскрослага Хрыста прагучала ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў час Пасхальнай вігіліі, увечары 26 сакавіка. Раздзяліць гэтую радасць з бліжнімі сабралася вялікая колькасць вернікаў Віцебска. Узначаліў літургію Пасхальнай вігіліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Ужо па традыцыі мясцовае тэлебачанне вядзе прамую трансляцыю гэтай службы ў велікодную ноч, каб усе тыя, хто не мае магчымасці прыйсці ў касцёл у гэты час, маглі яднацца ў малітве са сваім ардынарыем. Біскуп Віцебскі нагадаў, што памятае пра іх, асабліва пра пажылых людзей, хворых, самотных – усіх тых, хто «асаблівым чынам перажывае таямніцу цярпенняў Езуса Хрыста», просячы Бога аб благаслаўленні і патрэбных ласках для іх.
У гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адзначыў: «Сёння мы святкуем падзею, якая ляжыць у фундаменце нашай веры».
«Уваскрасенне Хрыста няхай абудзіць у нас пытанне: на якім месцы Бог і вера ў Яго стаяць у маім жыцці?»
Кажучы аб велічы гэтай падзеі – уваскрасення Езуса Хрыста, – іерарх канстатаваў, што «чалавек, гледзячы на ўсё гэта, часта, тым не менш, застаецца далёка ад Бога». Віцебскі ардынарый нагадаў, што часта гэтая думка «была скіравана ў адрас Абранага народу: як жа яны маглі не паверыць у Бога, які быў блізка іх, як яны маглі не прыняць Езуса Хрыста, які быў адным з іх народу?». «Як жа часта мы самі бываем далёка ад Бога, не звяртаем увагі на тыя вялікі рэчы і справы, што Бог чыніць вакол нас і нават у нашым жыцці», — дадаў біскуп.
«Таму няхай сённяшняя падзея, калі ўзгадваем уваскрасенне Хрыста, абудзіць у нас гэтае пытанне: як далека я яшчэ стаю ад Бога, на якім месцы Бог і вера ў Яго стаіць у маім жыцці?» — пажадаў іерарх.
«Той, хто шукае Хрыста не дзеля карысці, мае права ўбачыць Яго ў сваім жыцці» «Той, хто шукае Хрыста не дзеля карысці, шукае таму, што любіць Яго чыстым сэрцам, той мае права ўбачыць Яго ў сваім жыцці. І гэта вельмі важная рэч, якая павінна адрозніваць нашу веру, — заўважыў віцебскі ардынарый. — Як жа мы часта шукаем Бога, бо патрабуем пэўнай дапамогі, вырашэння той ці іншай складанай сітуацыі ў нашым жыцці. Але калі мы знаходзім вырашэнне гэтай сітуацыі, на якім месцы тады знаходзіцца Бог у нашым жыцці? Ці мы таксама шукаем Яго тады такім жа чыстым і шырым сэрцам?» «Не заўсёды», — адказаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што жыццё ў сучасным свеце, якое імкнецца наперад і ў якім робіцца ўсё, каб тэхнічна аблегчыць існаванне чалавека, разам з тым у духоўным плане дэградуе. Біскуп нагадаў выказванне айца Раньеро Канталамессы OFMCap, прапаведніка Папскага Дома, што, нягледзячы на глабальнае пацяпленне, у духоўным плане гэты свет вяртаеццца ў ледніковы перыяд.
«Пустая магіла – вобраз душы хрысціяніна»
Кажучы аб уваскрасенні Хрыста, біскуп Віцебскі адзначыў, што гэтая «падзея даходзіць да нас праз шматлікія знакі, вобразы і сімвалы». Нагадваючы аб пустой магіле, іерарх сказаў: «Пустая магіла – гэта вобраз душы хрысціяніна. Яна, адзіная і выключная з усіх магіл у свеце, не мае ў сабе нічога мёртвага, бо з’яўляецца месцам уваскрасення – і такой павінна быць і душа веруючага ў Езуса Хрыста. Мы імкнуліся праз 40-дзённы пост зрабіць такой нашу душу — праз пакаянне, паяднанне з Богам у сакрамэнце Эўхарыстыі».
«Таму наша душа павінна быць такой прыцягальнай, як тое месца, да якога сёння кожны чалавек, веруючы ў Хрыста, імкнецца дайсці і яго ўбачыць. Такім павінен быць хрысціянін, каб людзі, гледячы на яго, дзівіліся: як ён можа жыць такім надзвычайным жыццём. А гэтыя цуды здзяйсняе менавіта Ён - уваскрослы Збаўца», — падкрэсліў віцебскі ардынарый.
«Езус жадае ад нас не ахвяры, а любові і міласэрнасці»
Напрыканцы гамілііі біскуп пажадаў: «Няхай сённяшняя ўрачыстасць абудзіць у нашых сэрцах любоў да ўваскрослага Збаўцы, каб мы чыстым сэрцам шукалі Бога толькі таму, што Ён ёсць, што Ён з’яўляецца крыніцай усялякага дабра, што Ён ёсць той міласэрнай любоўю самой па сабе, любоўю, якая прабачае чалавеку кожны ягоны грэх. Няхай гэтая вялікая Божая любоў абудзіць у нас жаданне аддзячыць Яму ўзаемнасцю».
«Езус жадае ад нас не ахвяры, а любові і міласэрнасці», — падкрэсліў іерарх. «Няхай нашая сённяшняя малітва будзе выразам вось гэтай любові і гэтай міласэрнасці, якой мы павінны навучыцца ў нашага Уваскрослага Настаўніка і дзяліцца з ёю з іншымі людзьмі, якія так часта сёння маюць у гэтым патрэбу», — заклікаў віцебскі ардынарый.
Напрыканцы літургіі вернікі і святары на чале з біскупам прайшлі ў рэзурэкцыйнай працэсіі, пасля чаго іерарх асвяціў велікодныя стравы.
Кацярына Лаўрыненка
|