Візіт аd limina — дзень трэці |
Трэці дзень візіту аd lmina apostolorum у Апостальскую Сталіцу, 14 снежня 2009 г., беларускія біскупы распачалі наведваннем Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Рады іерархі нашай краіны пазнаёміліся з найноўшымі дасягненнямі сучасных мас-медыя. У ходзе сустрэчы была падкрэслена неабходнасць грунтоўнай падрыхтоўкі семінарыстаў і свецкіх асобаў у гэтай галіне. Як было адзначана, мас-медыя развіваюцца вельмі хутка, і Касцёл, на жаль, не заўсёды паспявае за іх развіццём, такім чынам губляючы новыя магчымасці ў галіне евангелізацыі. Фундаментальнай задачай у развіцці Касцёла ў наш час з’яўляецца адкрыць нанава значэнне мас-медыя, якія дапамогуць не толькі захаваць веру ў сучасных абставінах глабалізацыі, але і з новай энергіяй абвяшчаць Евангелле. Значная ўвага падчас сустрэчы была прысвечана лічбавай культуры, якая займае ўсё больш пазіцый у свеце. Яна, з аднаго боку, нясе новыя магчымасці, а з іншага — небяспеку. Праблемай, між тым, з’яўляюцца не самі мас-медыя, але тое, што яны нясуць людзям. Як было падкрэслена, яны павінны стаць для кожнага чалавека сродкам сустрэчы з Евангеллем. Калі ж Касцёл не будзе належным чынам іх выкарыстоўваць, то застанецца шмат у чым вінаватым перад Хрыстом. 14 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі біскупам нашай краіны — Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонію Дзям’янку, Апостальскаму адміністратару Пінскай дыяцэзіі кардыналу Казіміру Свёнтку, дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Казіміру Велікасельцу і біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу. |
Фотарэпартаж |