Рым рыхтуецца да прыняцця вялікай колькасці вернікаў і турыстаў у перыяд з канца лютага і да пачатку красавіка. Гэта звязана з жаданнем пілігрымаў з усяго свету ўдзельнічаць у апошніх мерапрыемствах, якія правядзе Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI перад сыходам з Пасаду св. Пятра, а таксама з увагай да будучага канклаву і ўрачыстасці інтранізацыі новага Папы.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI разважае над тым, каб у бліжэйшыя дні апублікаваць дакумент, які ўнясе дапаўненні ў Апостальскую канстытуцыю аб канклавах. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі 20 лютага.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI зацвердзіў новы склад кардынальскай камісіі, якая здзяйсняе нагляд за Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскім банкам). На працягу бліжэйшых пяці гадоў камісію будзе ўзначальваць Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ.
16 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў апошнюю ў сваім Пантыфікаце групу іерархаў, якая знаходзіцца з візітам ad limina ў Апостальскай Сталіцы, — біскупаў з Ламбардыі. Як адзначыў кардынал Анджэла Скола, які быў сярод іх, падчас сустрэчы Папа «жыва цікавіўся сітуацыяй нашых дыяцэзій».
16 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Гватэмалы Отта Фэрнанда Пэрэса Моліна. Гэта апошні палітык па-за межамі Італіі, з якім Папа сустрэўся падчас свайго Пантыфікату: сёння чакаецца таксама сустрэча з прэм’ерам Італіі, а 23 лютага — з Прэзідэнтам.
Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што Папа «ясна казаў аб магчымасці» скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра ў кнізе-інтэрв’ю «Святло свету», а таксама меў звычку асцярожна і разважліва казаць аб будучых падзеях свайго Пантыфікату, даваў зразумець, што выконвае даручаную яму місію, а не карыстаецца атрыманай уладай.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падзякаваў ватыканскім журналістам за «восем гадоў службы». Папа выказаў падзяку прадстаўнікам Міжнароднага таварыства журналістаў (AIGAV), акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы, падчас аўдыенцыі для Прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсэску 15 лютага.
15 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі бельгійскага дабрачыннага фонду «Pro Petri Sede». Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што міласэрнасць, калі яна рэалізуецца ў хрысціянскім духу, нясе не толькі канкрэтную дапамогу патрабуючым, але таксама любоў і дабрыню Бога.
15 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсэску. У ходзе перамоваў былі абмеркаваны адносіны паміж Румыніяй і Апостальскай Сталіцай.
Канклаў — сход кардыналаў, які склікаецца для абрання новага Папы — распачнецца не раней 15 сакавіка і не пазней 20. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.
Пасля заканчэння прабывання на Пасадзе св. Пятра, 28 лютага, Святы Айцец накіруецца спачатку ў летнюю рэзідэнцыю ў Кастэль Гандольфа, а праз некаторы час вернецца ў Ватыкан і паселіцца ў кляштары «Mater Ecclesia». Пра гэта паведаміў 14 лютага старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.
14 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з духавенствам дыяцэзіі Рыма. Пантыфік заклікаў святароў да вернай рэалізацыі пастановаў Другога Ватыканскага Сабору і запэўніў у сваёй малітве.
«Заахвочваю маладых бразільцаў, каб у Евангеллі Езуса шукалі сэнс жыцця», — з такімі словамі звяртаецца Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні на «Кампанію братэрства», якая распачалася ў Бразіліі 13 лютага, з пачаткам Вялікага посту. Акцыя арганізуецца ў краіне ўжо ў 50-ы раз.
На значэнне сельскай гаспадаркі для эканамічнага росту і патрэбу рэформ у ёй звярнуў увагу Бэнэдыкт ХVI у звароце да ўдзельнікаў 36-й сесіі Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця. Працы гэтай арганізацыі, якая займаецца мабілізацыяй фінансавых рэсурсаў у мэтах павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання і паляпшэння становішча бедных груп насельніцтва, праходзяць у Рыме 13–14 лютага.
«Навяртанне магчымае як ласка, калі з’яўляецца дзеяннем Бога, плёнам веры ў Яго міласэрнасць. Яно становіцца канкрэтнай рэчаіснасцю нашага жыцця толькі тады, калі ласка Бога пранікае нас», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду 13 лютага. На літургію прыбыла мноства вернікаў, каб развітацца з Пантыфікам.