Праз некалькі хвілін пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» 17 сакавіка папа Францішак апублікаваў у «Твітэры» свой першы запіс. «Cari amici vi ringrazio di cuore e vi chiedo di continuare a pregare per me. Papa Francesco» («Дарагія сябры, ад усяго сэрца вам дзякую і прашу вас працягваць маліцца за мяне. Папа Францішак»), — напісаў Пантыфік.
«Бог ніколі не змучыцца нам прабачаць. Праблема ў тым, што нас мучыць прасіць Яго аб прабачэнні», — адзначыў Святы Айцец Францішак у сваім першым разважанні перад нядзельнай малітвай «Анёл Панскі» 17 сакавіка. На плошчы Св. Пятра сабралося каля 100 тысяч вернікаў.
«Для мяне наймацнейшае пасланне Пана — міласэрнасць», — адзначыў Святы Айцец Францішак падчас ранішняй літургіі 17 сакавіка ў парафіі Святой Ганны. Папа падкрэсліў прыгажосць сцэны з Евангелля, дзе гаворыцца аб сустрэчы Хрыста з жанчынай, злоўленай на чужаложстве.
Дэвіз, які меў сённяшні Пантыфік, яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, — «Miserando atque eligendo» — гэта цытата з пропаведзі св. Беды (672–735), бэнэдыктынскага манаха, аўтара прац па экзэгетыцы, гісторыі і гамілетыцы. Выраз узяты з Пропаведзі 21, у якой святы каментаваў тэкст Евангелля паводле Мацвея 9, 9–13.
Плануецца, што на цырымонію інаўгурацыі новаабранага папы Францішка прыбудуць у Апостальскую Сталіцу дэлегацыі прыблізна 180 дзяржаў. Літургія з гэтай нагоды распачнецца на плошчы Св. Пятра 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, у 9.30 па італьянскім часе.
Святы Айцец патлумачыў, чаму абраў імя Францішак. 16 сакавіка ў Зале Паўла VI у Ватыкане Папа правёў сустрэчу з журналістамі.
Аб малітве за новаабранага папу Францішка просіць яго родная сястра Марыя. У размове з журналістамі яна прызналася, што вельмі непакоіцца аб сваім браце, а таксама ўзгадала пра сваю даўнюю сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ.
У наступную суботу, 23 сакавіка, папа Францішак наведае Кастэль Гадольфа, дзе сустрэнецца з Рымскім Пантыфікам на пенсіі Бэнэдыктам XVI. Аб гэтым паінфармавала Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, якая прадставіла таксама план іншых мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца ў бліжэйшыя дні.
15 сакавіка адбыўся неспадзяваны выезд папы Францішка за межы Ватыкана. Пантыфік наведаў аргенцінскага кардынала Хорхе Мэйя, які знаходзіцца ў клініцы Пія ХІ у Рыме.
Папа Францішак яшчэ не прыняў рашэння наконт папскага герба. Пра гэта паінфармаваў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар паведаміў таксама, што Пантыфікам яшчэ не былі вернуты на свае пасады кіраўнікі ведамстваў Рымскай Курыі, якія пакінулі свае функцыі з заканчэннем Пантыфікату Бэнэдыкта XVI.
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі выказаўся наконт абвінавачванняў у адрас Святога Айца, якія пачынаюць распаўсюджваць некаторыя СМІ. Яны датычацца перыяду дыктатуры ў Аргенціне і заключаюцца ў тым, што кардынал Хорхе Марыа Берголіа, будучы правінцыялам Ордэна езуітаў, нібыта не абараніў двух братоў, выкрадзеных рэжымам.
Папа Францішак заахвоціў аргенцінскіх католікаў не прыязджаць у Рым на цырымонію яго інтранізацыі, а замест гэтага грошы аддаць бедным. Аб гэтым гаворыць Апостальскі Нунцый у Аргенціне арцыбіскуп Эміль Пауль Тшэрыг у пасланні да вернікаў краіны.
15 сакавіка папа Францішак сустрэўся з членамі Калегіі кардыналаў. Звяртаючыся да сабраных, Пантыфік падкрэсліў, што кардыналы з’яўляюцца братамі паміж сабой, а таксама звярнуў увагу, што актуальны перыяд мае для Касцёла вялікае значэнне.
Італьянская газета «Аvvenire» піша пра асабістыя ўпадабанні новаабранага Пантыфіка. У 22-гадовым узросце, пакінуўшы працу хіміка, Хорхе Берголіa адчуў пакліканне і ўступіў у навіцыят Ордэна езуітаў.
Папу Францішка ведаюць як чалавека вельмі непасрэднага і духоўнага, чалавека глыбокай малітвы, які сапраўды жыве езуіцкай духоўнасцю. З тых часоў, калі ён быў рэктарам семінарыі ў Аргенціне, яго помняць «вельмі адкрытым, які як фарматар многага патрабуе ад навучэнцаў, але ніколі не пакідае іх адных».