Бэнэдыкт XVI сустрэўся з навучэнцамі Папскай Паўночнаамерыканскай калегіі |
Святы Айцец |
11.01.2010 14:54 |
9 студзеня 2010 г., з нагоды завяршэння святкавання 150-гадовага юбілею Папскай Паўночнаамерыканскай калегіі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з сённяшнімі і былымі навучэнцамі гэтай установы. Са сценаў Папскай Паўночнаамерыканскай калегіі за гады яе дзейнасці выйшлі больш за 5 тысяч святароў. Падчас сустрэчы Папа заклікаў удзельнікаў мерапрыемства, з якіх многія сталі біскупамі, захоўваць вернасць святарскім ідэалам сапраўднай святасці і душпастырскай самаадданасці. «На працягу паўтара стагоддзяў калегія давала магчымасць сваім навучэнцам пазнаваць паўсюднасць Касцёла, яго шырокія інтэлектуальныя і духоўныя багацці, а таксама даручала ім заданне несці збаўчую праўду Хрыста людзям усіх часоў і ва ўсе канцы свету», — адзначыў Пантыфік. Таксама Бэнэдыкт XVI заўважыў, што Папскай Паўночнаамерыканскай калегіі варта і далей будаваць сваё выкладанне на апошніх дасягненнях у сферы адукацыі, тым самым рыхтуючы мудрых і ахвярных душпастыраў. Разам з тым, па словах Папы, важна, каб гэтыя душпастыры «маглі абвяшчаць каталіцкую веру ў яе нескажонай паўнаце», неслі «непамерную міласэрнасць Хрыста слабым і згубленым людзям». Пантыфік заахвоціў амерыканскіх святароў да таго, каб яны былі «евангельскай рошчынай у грамадскім, палітычным і культурным жыцці свайго народа». |