Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: мэтай дзейнасці Папскіх акадэмій з’яўляецца вернае служэнне Касцёлу
Святы Айцец
28.01.2010 18:35

28 студзеня 2010 г. у Ватыкане адбылося агульнае пасяджэнне Папскіх акадэмій, прысвечанае праблеме тэалагічнай фармацыі святароў. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI з нагоды пасяджэння адзначыў, што галоўнай мэтай і абавязкам гэтых установаў з’яўляецца вернае служэнне Касцёлу і Апостальскай Сталіцы.

Папа таксама адзначыў, што сённяшняя культура, знаходзячыся пад моцным уплывам поглядаў рэлятывізму і суб’ектывізму, нярэдка падвяргаецца ўздзеянню метадаў, якія нясуць шкоду навуковым пошукам, а ў выніку гэтага ўскладняюць дыялог і паразуменне паміж людзьмі. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сучасная культура і самі вернікі сёння ў вялікай ступені патрабуюць непасрэднага ўдзелу Касцёла ў розных галінах дзейнасці, дзе паўстаюць новыя праблемы, у прыватнасці, філасофскія і тэалагічныя. Па словах Святога Айца, сённяшняму пакаленню неабходна вывучэнне гісторыі, сведчанні першых хрысціян, прыклад мучанікаў, а таксама дыялог хрысціянскай веры з мастацкай творчасцю. Менавіта апошняй праблеме Папа прысвяціў сваю сустрэчу з прадстаўнікамі свету культуры і мастацтва, якое адбылося ў Сікстынскай капэле 21 лістапада 2009 г.

Сёння, як дадаў Бэнэдыкт XVI, важна паглыбляць вывучэнні і даследаванні, каб стварыць магчымасць для «рацыянальнага правядзення дыялога і паспяховага абмену думкамі па розных пытаннях, клапоцячыся пра агульную карысць і развіццё». Святы Айцец асабліва падкрэсліў важнасць належнай падрыхтоўкі моладзі, адзначыўшы, што яна павінна засноўвацца на «сапраўдных каштоўнасцях і праўдзе, моцных аргументах жыцця і надзеі, якія могуць і павінны зацікавіць усіх, найперш маладых людзей». Гэта павінна рэалізавацца і ў фармацыі кандыдатаў да святарства, як таго патрабуе Год святарства.

Звяртаючыся да постаці і дзейнасці святога Тамаша Аквінскага, Пантыфік падкрэсліў, што духоўная спадчына і прыклад гэтага святога сведчаць аб тым, наколькі важна вывучаць наяўныя праблемы з мэтай знайсці «адпаведныя і творчыя адказы». Для гэтага Папскія акадэміі павінны быць установамі жывымі, здольнымі да вывучэння як пытанняў грамадскіх і культурных, так і патрэбаў Касцёла, каб «укараняць, выкарыстоўваючы ўсе сілы і сродкі, сапраўдны хрысціянскі гуманізм».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.