Ватыкан: прэзентацыя італьянскага перакладу першага тома прац Бэнэдыкта XVI |
Святы Айцец |
28.10.2010 11:29 |
27 кастрычніка 2010 г. у будынку пасольства Італіі ў Ватыкане адбылася прэзентацыя італьянскага перакладу першага тома выбраных прац Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Кніга мае назву «Тэалогія літургіі». У мерапрыемстве прыняў удзел Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, старшыня ўпраўлення рады міністраў Рэспублікі Італія Джанні Летта і гісторык Лучэтта Скараффія. У штотыднёвіку Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» Лучэтта Скараффія адзначае: «Публікацыя кнігі Бэнэдыкта XVI мае вялікае значэнне ў сферы культуры, а не толькі рэлігіі; адначасова і таму, што выяўляе асаблівы характар Папы, а менавіта тое, што ён з’яўляецца глыбока інтэлектуальным чалавекам, які на падставе тэалогіі здолеў паразважаць аб функцыях Касцёла і веры ў свой час, мудрацом, які імкнецца да канца зразумець свет, у якім яму давялося жыць». Гісторык дадае, што «такі Папа быў неабходны ў гэты момант гісторыі, і цяжка з гэтым не згадзіцца: мадэрнізм з’яўляецца перш за ўсё крызісам сэнсу, культурным разломам, пачынаючы ад спосабу разумення чалавечай асобы». «Не дастаткова было, каб Каталіцкі Касцёл захаваў сваю ролю вернага абаронцы традыцыі; патрэбны быў далейшы крок, каб зразумець, як перадаваць сучаснаму свету традыцыйную спадчыну, а для гэтага быў патрэбны інтэлектуал, які зразумеў бы гэты свет да самай глыбіні», — піша Лучэтта Скараффія. |