Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа пра абавязак абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці
Святы Айцец
19.11.2010 12:26

Аб абавязку абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці як аб прыярытэце дзейнасці ўрадаў і міжнародных арганізацый нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні да ўдзельнікаў 25-й Міжнароднай канферэнцыі, якая распачалася 18 лістапада 2010 г. у Ватыкане. Сустрэча, якая праходзіць пад дэвізам «„Caritas in veritate“ — аб роўным і чалавечным клопаце пра здароўе», арганізавана Папскай радай пастырства работнікаў службы аховы здароўя.

У пасланні на імя старшыні рады арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага Папа адзначае, што дадзеная канферэнцыя адбываецца ў гадавіну 25-гадовага юбілею рады і з’яўляецца нагодай да падзякі Богу за «гэты каштоўны сродак для апостальства міласэрнасці». Святы Айцец нагадвае таксама аб заслугах папярэднікаў сённяшняга старшыні ведамства.

Як адзначаецца ў пасланні, заўсёды належыць даваць сведчанне «любові да справядлівасці, абароны жыцця ад зачацця да натуральнага канца і шанавання годнасці кожнай чалавечай асобы». Справядлівая ахова здароўя «павінна належаць да прыярытэтаў дзейнасці ўрадаў і міжнародных арганізацый».

Тэма канферэнцыі, як падкрэсліваецца, асабліва зацікавіць хрысціян, якія галоўнае значэнне надаюць клопату аб чалавечай асобе з пункту гледжання яе надпрыроднай годнасці і непарушных правоў. «У нашы часы назіраецца, з аднаго боку, звяртанне вялікай увагі на справы здароўя, што пагражае ператварэннем у фармакалагічны, медыцынскі і хірургічны кансумізм, што вядзе практычна да культу цела, з іншага — цяжкасці з доступам мільёнаў людзей да мінімальных сродкаў медыцынскай апекі і да неабходных лекаў», — дадае Папа.

Звяртаючыся да дэвізу канферэнцыі, Пантыфік нагадвае, што грамадскае вучэнне Касцёла заўсёды падкрэслівала важнасць справядлівасці ў розных сферах чалавечых стасункаў. Справядлівасць дзейнічае тады, калі мы прымаем жыццё іншага чалавека і бярэм на сябе адказнасць за яго, спраўджваем яго чаканні, калі ў гэтым іншым чалавеку прымаем само аблічча Сына Божага, які стаў чалавекам для нас.

Як падкрэслівае Святы Айцец, з хрысціянскага пункту гледжання існуе цесная сувязь паміж справядлівасцю і любоўю. «Любоў перавышае справядлівасць, бо любіць — значыць даваць, ахвяраваць частку таго, што „маё“, іншаму але гэта ніколі не адбываецца без справядлівасці, якая вядзе да аддавання іншаму таго, што „ягонае“, таго, што ён чакае згодна са сваім існаваннем і дзейнасцю», — сцвярджае Бэнэдыкт XVI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме