Бэнэдыкт XVI падчас кансісторыі: у Касцёле ніхто не з’яўляецца гаспадаром, але ўсе пакліканыя |
Святы Айцец |
22.11.2010 14:48 |
«Ва ўсе эпохі Касцёл абавязвае да падпарадкавання логіцы служэння і Крыжа, сведчання аб ёй, каб сцвярджалася сапраўднае панаванне Бога, панаванне любові», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на кансісторыі, якая адбылася 20 лістапада 2010 г. у ватыканскай базыліцы. 24 іерархі падчас кансісторыі былі ўзвышаны Папам да кардынальскай годнасці. У гаміліі Святы Айцец адзначыў, што новыя кардыналы сёння ўвайшлі ў лік найбліжэйшых супрацоўнікаў наступніка Пятра, каб «пасвіць Хрыстовых авечак, яднаць народы са стараннасцю любові Хрыста». «Менавіта з гэтай любові нарадзіўся Касцёл, пакліканы да таго, каб жыць і крочыць згодна з наказам Пана, у якім сустракаюцца ўсе законы і прарокі», — дадаў Пантыфік. Папа нагадаў словы Евангелля аб тым, што Езус не прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць самому. Гэта стала падставай для новых адносінаў у хрысціянскай супольнасці і новага спосабу ажыццяўлення ўлады. «Яго шлях у Ерузалем — гэта пакорнае аддаванне сябе ажно да ахвяравання жыцця, гэта шлях мукі, шлях крыжа. Нягледзячы на гэта, вучням цяжка зразумець, што трэба перайсці ад ментальнасці свету да Божай ментальнасці», — адзначыў Святы Айцец. |