Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI падчас кансісторыі: у Касцёле ніхто не з’яўляецца гаспадаром, але ўсе пакліканыя
Святы Айцец
22.11.2010 14:48

«Ва ўсе эпохі Касцёл абавязвае да падпарадкавання логіцы служэння і Крыжа, сведчання аб ёй, каб сцвярджалася сапраўднае панаванне Бога, панаванне любові», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на кансісторыі, якая адбылася 20 лістапада 2010 г. у ватыканскай базыліцы. 24 іерархі падчас кансісторыі былі ўзвышаны Папам да кардынальскай годнасці.

У гаміліі Святы Айцец адзначыў, што новыя кардыналы сёння ўвайшлі ў лік найбліжэйшых супрацоўнікаў наступніка Пятра, каб «пасвіць Хрыстовых авечак, яднаць народы са стараннасцю любові Хрыста». «Менавіта з гэтай любові нарадзіўся Касцёл, пакліканы да таго, каб жыць і крочыць згодна з наказам Пана, у якім сустракаюцца ўсе законы і прарокі», — дадаў Пантыфік.

Папа нагадаў словы Евангелля аб тым, што Езус не прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць самому. Гэта стала падставай для новых адносінаў у хрысціянскай супольнасці і новага спосабу ажыццяўлення ўлады. «Яго шлях у Ерузалем — гэта пакорнае аддаванне сябе ажно да ахвяравання жыцця, гэта шлях мукі, шлях крыжа. Нягледзячы на гэта, вучням цяжка зразумець, што трэба перайсці ад ментальнасці свету да Божай ментальнасці», — адзначыў Святы Айцец.

«У Касцёле ніхто не з’яўляецца гаспадаром, але ўсе пакліканыя, усе пасланыя, усіх дасягае і ўсімі кіруе Божая ласка. Яна з’яўляецца таксама нашай бяспекай! Толькі слухаючы нанава слова Езуса, які просіць „ісці за Ім“, толькі вяртаючыся да першапачатковага паклікання, можна зразумець сэнс сваёй прысутнасці і ўласную місію ў Касцёле як сапраўдных вучняў», — падкрэсліў Папа.

Звяртаючыся да новапрызначаных кардыналаў, Святы Айцец адзначыў, што місія, да якой кліча іх Бог, патрабуе прымання стылю жыцця Сына Божага, які прыйшоў паміж намі як Той, хто служыць. «Гаворка ідзе аб наследаванні Яго ў дары пакорнай і татальнай любові да Касцёла, Яго абранніцы, на крыжы. На гэтым дрэве зерне, якое па волі Айца падае на пашу свету, памірае, каб прынесці багаты плён. Таму неабходна больш глыбокая і моцная ўкаранёнасць у Хрысце», — казаў Папа і дадаў, што «ўнутраныя адносіны з Ім утвараюць аснову для таго, каб нашае служэнне было згодным і радасным, каб магло прынесці плён, якога ад нас чакае Пан Езус».

Бэнэдыкт XVI заахвоціў вернікаў маліцца за новых кардыналаў. Таксама Папа пажадаў іерархам, каб іх падтрымліваў Дух Святы ў служэнні Касцёлу, дзе яны наследуюць укрыжаванага Хрыста, нават, калі гэта неабходна, да праліцця крыві.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме