Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папскае пасланне на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях: падтрымцы пакліканняў трэба вучыцца з Евангелля
Святы Айцец
10.02.2011 16:45

Справе «падтрымкі пакліканняў» прысвяціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сваё пасланне на 48-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. Гэты дзень адзначаецца ў Касцёле ў  IV Велікодную нядзелю, якая сёлета прыпадае на 15 мая.

У пасланні, якое мае назву «Прапаноўваць пакліканні ў лакальным Касцёле», Папа нагадвае, што 70 год таму Пій ХІІ заснаваў Папскую службу святарскіх пакліканняў, пасля чаго падобныя ведамствы паўсталі ў дыяцэзіях Касцёла ва ўсім свеце. Па словах Пантыфіка, справе папулярызацыі і падтрымкі пакліканняў трэба вучыцца «са старонак Евангелля, дзе Езус заклікае сваіх вучняў ісці за Ім, а таксама рыхтуе іх з любоўю і клопатам».

Святы Айцец падкрэслівае, што «пакліканні да святарства і да кансэкраванага жыцця з’яўляюцца найперш плёнам сталага кантакту з Богам жывым і плёнам пастаяннай малітвы», як у «парафіяльных супольнасцях, так і ў хрысціянскіх сем’ях».

Таксама Папа адзначае, што «наследаванне Хрыста з’яўляецца патрабавальным». Гэта азначае пазнанне Езуса зблізку, услухоўванне ў Яго слова і сустрэчу з Ім у сакрамэнтах, прыстасаванне ўласнай волі да Яго волі. Гэта сапраўдная школа фармацыі для ўсіх, хто рыхтуецца да святарскага служэння або да кансэкраванага жыцця пад кіраўніцтвам кампетэнтных касцёльных уладаў.

«Сёння, калі голас Бога, які кліча, здаецца заглушаным „іншымі галасамі“, а прапанова ісці за Ім і ахвяраваць Яму сваё жыццё можа здавацца надзвычай цяжкай, кожная хрысціянская супольнасць і кожны вернік павінны адказна падысці да задачы падтрымкі пакліканняў», — падкрэсліваецца ў пасланні. Для гэтага, на думку Папы, трэба дадаваць адвагі і падтрымліваць «тых, у кім праяўляюцца ясныя знакі паклікання да святарства або да кансэкраванага жыцця, каб яны адчувалі падтрымку ўсёй супольнасці ў тым, каб адказаць „так“ Богу і Касцёлу».

«Душпастырства пакліканняў, — адзначае Святы Айцец, — здзяйсняецца ў розных сферах: у сем’ях, парафіях, таварыствах, якія выхоўваюць моладзь узрастаць у сапраўднай і сардэчнай любові да Пана, якая ўзмацняецца праз малітву асабістую і літургічную. Лакальны Касцёл павінен вучыць уважліваму і плённаму слуханню Божага слова праз паглыбленне ведання Святога Пісання, а таксама паказваць, што выконванне Божай волі не знішчае асобу, а дазваляе ёй адкрыць найглыбейшую праўду аб ёй самой». «Толькі адкрываючыся на любоў Бога, можна знайсці сапраўдную радасць і поўную рэалізацыю сваіх жаданняў», — дадае Бэнэдыкт XVI.

На заканчэнне Папа падкрэслівае, што «здольнасць да клопату аб пакліканнях з’яўляецца характэрным знакам жывога лакальнага Касцёла».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме