Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: спалучыць тэалогію цела з тэалогіяй любові
Святы Айцец
13.05.2011 15:47

«Спалучыць тэалогію цела з тэалогіяй любові» заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас юбілейных мерапрыемстваў у Папскім інстытуце вывучэння шлюбу і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Інстытут адзначае 30-годдзе свайго існавання.

Па словах Папы, чалавечае цела — гэта не проста матэрыя, якая абцяжарвае: «калі мы слухаем, яно прамаўляе мовай сапраўднай любові». Першае слова гэтай мовы знаходзіцца ў стварэнні чалавека, кажучы нам «аб паходжанні, якое мы стварылі не самі». «Калі чалавек прызнае першапачатковую любоў, якая адарыла яго жыццём, то можа паяднацца з прыродай і светам», — дадаў Пантыфік. Пакліканнем жа цела, атрыманага ад Бога, з’яўляецца магчымасць сувязяў любові паміж мужчынам і жанчынай і перадача жыцця.

Адзінства цела ў шлюбе, працягваў Папа, становіцца адзінствам на ўсё жыццё, ажно пакуль сужэнцы не стануць таксама адзіным духам. Такім чынам, цела вучыць нас «каштоўнасці часу, паступовага сталення ў любові». У гэтым святле новы сэнс атрымлівае і цнота чыстасці, якая «не з’яўляецца „не“ ў адносінах да прыемнасці і радасці жыцця, а вялікім „так“ для любові як глыбокай камунікацыі асобаў, для якой патрэбны час і пашана».

Адрываючы сябе ад сэнсу сыноўства і сувязі са Стварыцелем, цела «бунтуе супраць чалавека і страчвае здольнасць да камуніі». У гэтым, падкрэсліў Папа, заключаецца «драма сексуальнасці, якая сёння замкнутая ў вузкім коле цела і пачуццёвасці, але ў сапраўднасці можа споўніцца толькі ў імкненні да чагосьці большага».

Разам з тым грэх Адама і Евы не з’яўляецца «апошнім словам, якое датычыцца цела ў гісторыі збаўлення»: «Бог дае чалавеку і шлях адкуплення цела, мова якога захоўваецца ў сям’і. Менавіта ў сям’і сустракаюцца тэалогія цела і тэалогія любові». Гэты шлях знаходзіць сваю паўнату ва ўцелаўленні Хрыста. У Яго целе «праяўляецца ўся глыбіня тэалогіі цела, якая дазваляе зразумець велічыню паклікання да любові».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме