Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Мітрапалітам Іларыёнам |
Святы Айцец |
30.09.2011 10:34 |
29 верасня 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся са старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам. Сустрэча адбылася ў папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. У размове з Ватыканскім радыё Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што «Святы Айцец — гэта чалавек веры, і заўсёды, калі з ім сустракаюся, адчуваю сябе ўзмоцненым яго духам, мужнасцю і ахвярнасцю на карысць Касцёла ва ўсім свеце». Мітрапаліт узгадаў прамову Пантыфіка аб міжрэлігійным дыялогу падчас яго пастырскага падарожжа ў Германію. «Веру, што такая пастава главы Рыма-каталіцкага Касцёла будзе для нас вялікай дапамогай на шляху лепшага ўзаемапаразумення ў будучым», — падкрэсліў прадстаўнік Маскоўскага Патрырхату ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Праваслаўны іерарх знаходзіцца ў Рыме з 27 верасня. За гэты час Мітрапаліт сустрэўся са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам. У гутарцы іерархі закранулі праблемы хрысціянафобіі і пытанні адносна вынікаў супрацоўніцтва ў межах Змешанай праваслаўна-каталіцкай тэалагічнай камісіі, а таксама пытанні кантактаў у адукацыйнай сферы. Пасля аўдыенцыі ў Папы Мітрапаліт Іларыён сустрэўся са старшынёй Папскай рады па культуры арцыбіскупам Джанфранко Равазі. |