Бэнэдыкт XVI: хрысціянін вылучаецца радасцю |
Святы Айцец |
01.06.2012 15:40 |
«З Беззаганнага Сэрца Марыі сёння мы прагнем пачарпнуць новы давер, каб даць напоўніць сябе яе радасцю, якая знаходзіць сваю найглыбейшую крыніцу ў Пану», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з вернікамі ля Гроту Маці Божай з Люрд у Ватыканскіх садах. Увечары 31 мая 2012 г. там адбылася традыцыйная ружанцовая працэсія са свечкамі на заканчэнне месяца мая, прысвечанага Панне Марыі. Як адзначыў Папа, месяц май, прысвечаны Маці Божай, завяршаецца святам Адведзінаў Марыяй Альжбеты. Характэрная рыса гэтай падзеі — радасць, выяўленая ў словах, якімі Марыя праслаўляе Бога за вялікія рэчы, якія ёй учыніў: «Велічае душа мая Пана і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы». Гэта гімн, якім славіць Бога чалавецтва, адкупленае праз Божую міласэрнасць. Марыя, працягваў Пантыфік, у цэнтры свайго жыцця паставіла Бога, даверылася Яго волі ў паставе пакорнай паслухмянасці задуме Ягонай любові. З-за свайго «ўбоства духу і пакоры сэрца яна была абрана святыняй для нясення ў сабе Слова, якое сталася целам». |