Кардынал Кох: праз візіт у Ліван Папа жадае ўзмацніць хрысціянскую супольнасць на Блізкім Усходзе |
Святы Айцец |
10.09.2012 12:31 |
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох лічыць, што візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Ліван прынясе важныя імпульсы для экуменізму, міжрэлігійнага дыялога і для міру ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу. Аб гэтым кардынал Кох, які будзе суправаджаць Папу ў падарожжы, сказаў аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву «Kathpress». Як адзначыў іерарх, Папа не з’яўляецца палітычнай постаццю і падчас свайго візіту ў Ліван не будзе прапаноўваць нейкіх канкрэтных палітычных рашэнняў. Разам з тым кардынал дадаў, што людзі чакаюць, што гэты візіт стане выразным пасланнем, знакам міру і паяднання. Па словах кардынала, Пантыфік падчас паездкі «заахвоціць да супольнай будучыні людзей у гэтым рэгіёне і аб спыненні войнаў». Магчыма, адзначыў кардынал Кох, падчас візіту прагучаць таксама выразныя словы ў падтрымку экуменізму і дыялога з ісламам. Пры гэтым іерарх выказаў перакананне, што многія праблемы, перад якімі сёння стаяць хрысціяне на Блізкім Усходзе, можна вырашыць толькі супольна. |